BE RU EN

Набажэнствы на беларускай мове ў Польшчы

  • 7.03.2008, 11:36

У асяроддзі беларускіх студэнтаў-каталікоў, якія вучацца ў Польшчы, ужо традыцыйнымі сталі набажэнствы на роднай мове. Апошнім часам такія набажэнствы адбыліся 24 лютага ў Варшаве і ў 4-ю нядзелю Вялікага посту 2 сакавіка 2008 года ў Любліне, паведамляе Catholic.By.

Студэнты праводзяць падрыхтоўку да святой Імшы, а падчас цэлебрацыі актыўна ў ёй удзельнічаюць: чытаюць чытанні, прамаўляюць інтэнцыі малітвы вернікаў, спяваюць псальм і іншыя спевы. Звычайна пасля Імшы адбываюцца цікавыя і вясёлыя сустрэчы суайчыннікаў за каваю ці гарбатаю. Тэмаю нядзельнай сустрэчы ў Любліне стала творчасць славутага мастака Напалеона Орды, які нарадзіўся ў лютым 1807 г. на беларускім Палессі. З нагоды 200-х угодкаў нараджэння мастака, у Польшчы з мінулага лістапада і аж да канца наступнага снежня праходзіць год Напалеона Орды. Яго гравюры, якія ведае, бадай, кожны, хто хоць крыху цікавіцца гісторыяй роднага краю, данеслі да нас вобразы нашай старасвеччыны: касцёлы і цэрквы, замкі і палацы, дыхтоўныя сядзібы і сціплыя хаціны ў атачэнні волатаў-дубоў…

Непрыкметна праляцеў час сустрэчы. Гаворка з Напалеона Орды перайшла да іншых беларускіх мастакоў, паразмаўлялі пра мастацтва наогул. Наступную сустрэчу плануецца правесці ў сярэдзіне красавіка. Яе тэма — сімвалы беларусаў. Супольнасць беларускіх студэнтаў у Любліне шчыра запрашае ўсіх да ўдзелу ў сумеснай малітве і сустрэчах суайчыннікаў.

Апошнія навіны