BE RU EN

Улады Беларусі маюць намер кантраляваць Інтэрнэт

  • 7.03.2008, 12:10

Пытанне аб заканадаўчым рэгуляванні інтэрнэт-СМІ ў Беларусі прапрацоўваецца сёння на ўзроўні экспертаў.

Гэта можа быць альбо карэктыроўкай дзейных законаў, альбо новым нарматыўным актам, паведаміла ў гутарцы з карэспандэнтам БелТА першая намесніца міністра інфармацыі Беларусі Лілія Ананіч.

На яе думку, тэма ўдасканалення заканадаўства ў частцы інтэрнэт-СМІ актуальная. "Гэта складаны сегмент інфармацыйнага поля. Тэхнічна Інтэрнэт цяжка пракантраляваць і зарэгістраваць увесь у цэлым. Не ўсе сайты працуюць як сродкі масавай інфармацыі. Адна справа – распаўсюджваць інфармацыю пра тавары, іншая – фармаваць інфармацыйны і аналітычны блок. У другім выпадку інтэрнэт-СМІ павінны мець такія ж правы і абавязкі, як і ўсе СМІ згодна з заканадаўствам аб друку", – лічыць Лілія Ананіч.

Суразмоўніца канстатавала, што "ў Расеі дзейнічае заяўнічы прынцып рэгістрацыі інтэрнэт-СМІ". У Беларусі гэтае пытанне не адрэгуляванае. Шмат хто лічаць сябе інтэрнэт-СМІ, але "калі заходзіць гаворка пра адказнасць, то спытаць няма з каго, таму што ў заканадаўстве ёсць прабел, няма паняцця "інтэрнэт-СМІ", адзначыла першая намесніца міністра інфармацыі.

"Я не гатовая адказаць, калі пэўна можа адбыцца дадзеная карэктыроўка заканадаўства. Але можна лічыць глебу гатовай для таго, каб працаваць далей над тэмай рэгулявання ўзаемаадносінаў у гэтай сферы", – сказала Лілія Ананіч.

Апошнія навіны