Ці вернуць «Прессболу» алімпійскую акрэдытацыю?
- 7.03.2008, 13:41
Паведамленні ў прэсе пра зварот спартовай газеты "Прессбол" у Міжнародны алімпійскі камітэт за аднаўленнем акрэдытацыі на Алімпіядзе–2008, якія з'явіліся сёння, не адпавядаюць рэчаіснасці.
Насамрэч рэдактар газеты Уладзімір Беражкоў накіраваў электронны ліст кантактнай асобе прэс-службы аргкамітэта Гульняў у Пекіне місіс Хе Ксяолінь з тэхнічным пытаннем: ці можа "Прессбол" атрымаць акрэдытацыю па-за квотай Нацыянальнага алімпійскага камітэта. Адказ быў адмоўным – акрэдытацыя на Алімпіяду праходзіць толькі праз НАК, якому МОК дэлегаваў такія правы. Звяртацца ў МОК і іншыя міжнародныя арганізацыі з гэтай нагоды, па заяве галоўнага рэдактара, газета не будзе.
Першы віцэ-прэзідэнт НАКа Генадзь Аляксеенка ў каментарах “Еврорадио” заявіў, што выканкам можа і перагледзець прынятае ім 28 лютага рашэнне аб пазбаўленні "Прессбола” "алімпійскай акрэдытацыі. "НАК – гэта ж не суд вышэйшай інстанцыі, дзе рашэнне канчатковае і яго нельга абскардзіць, – заявіў службовец. – Будуць новыя аргументы альбо падставы, трэба – яшчэ раз збярэмся. Трэба – яшчэ пяць разоў збярэмся і разгледзім. Справа жа не ў НАК, справа ў іншым боку”.
Але галоўны рэдактар "Прессбола" лічыць, што “вырашальным у гэтай справе будзе слова прэзідэнта НАК Лукашэнкі. Але ён дагэтуль ніякага адказу на накіраваны яму рэдакцыяй адкрыты ліст не даў".