BE RU EN

Лукашэнку просяць дазволіць свабоду слова

  • 7.03.2008, 14:42

Камітэт абароны журналістаў просіць Аляксандра Лукашэнку дазволіць беларускай прэсе працаваць "без страху перад рэпрэсіямі".

"Як незалежная арганізацыя, якая абараняе свабоду прэсы па ўсім свеце, Камітэт абароны журналістаў хацеў бы прыцягнуць Вашу ўвагу да выбарчага выкарыстання Вашым урадам палітычна матываваных судовых пазоваў супраць сваіх крытыкаў", – гаворыцца ў адкрытым лісце кіраўніка праваабарончай арганізацыі ЗША Джоэла Саймана, якое ён 6 сакавіка накіраваў Аляксандру Лукашэнку.

"Непамяркоўныя службоўцы караюць незалежныя беларускія СМІ пазовамі, якія прыводзяць да надмерных штрафаў і пагражаюць далейшаму існаванню выданняў", – падкрэсліваецца ў лісце.

Д.Сайман адзначыў, што Камітэт абароны журналістаў надзвычай заклапочаны дыскрымінацыйным выкарыстаннем беларускімі службоўцамі законаў аб абароне гонару і годнасці ў дачыненні незалежных журналістаў. Кіраўнік праваабарончай арганізацыі канстатаваў, што за апошнія некалькі гадоў зафіксаваныя як мінімум "пяць выпадкаў такіх пазоваў супраць незалежных і апазіцыйных газет". Адным з апошніх такіх пазоваў, паводле яго слоў, стаў пазоў сябра «савета рэспублікі» «нацыянальнага сходу» Мікалая Чаргінца да газеты "Новы час" і журналіста Аляксандра Тамковіча.

Нагадаем, М.Чаргінец звярнуўся ў суд, бо мяркуе, што некаторыя фразы ў публікацыі А.Тамковіча "Генерал-сенатар Мікалай Чаргінец" у газеце "Новы час" № 25 за 24 верасня 2007 года падзенуць яго гонар і годнасць. Суд Першамайскага раёна Менска абавязаў рэдакцыю газеты ў чарговым нумары абвергнуць інфармацыю, выкладзеную ў публікацыі А.Тамковіча. У якасці кампенсавання маральнай шкоды выдавец павінен выплаціць істцу 50 млн. рублёў, А.Тамковіч – 1 млн. рублёў. Першапачаткова Чаргінец ацаніў памер нанесенай яму рэдакцыяй і журналістам шкоды адпаведна ў 500 і 100 млн. рублёў, але пасля паменшыў сумы.

У сваім лісце Д.Сайман падкрэслівае, што, паводле афіцыйных дадзеных беларускай статыстыкі, сярэднемесячная зарплата ў Беларусі складае прыблізна 735 тыс. рублёў, а такія шматмільённыя пазовы "істотна абцяжарваюць працу незалежнай прэсы". "Мы звяртаемся да Вас з просьбай паўплываць на сенатара Чаргінца, з тым каб ён перагледзеў свой пазоў у дачыненні газеты і журналіста. Мы таксама заклікаем Вас дазволіць беларускім журналістам выконваць сваю працу без страху перад магчымымі рэпрэсіямі", – падкрэсліваецца ў лісце.

Апошнія навіны