BE RU EN

Беларусь можа выйсці з АБСЕ?

  • 7.03.2008, 17:09

Беларусь адрэагавала на новыя санкцыі ЗША ў дачыненні канцэрна «Белнафтахім» прапановай амбасадару ЗША ў Менску Карэн Сцюарт пакінуць межы Беларусі і пагрозай выхаду краіны з АБСЕ, у выпадку, калі гэтая арганізацыя не распачне «адэкватных» мераў у дачыненні ЗША.

Міністэрства замежных спраў Беларусі выступіла з спецыяльнай заявай у сувязі з увядзеннем ЗША дадатковых санкцый у дачыненні дзяржаўнага канцэрна «Белнафтахім». МЗС адклікаў для кансультацый амбасадара Беларусі ў ЗША Міхаіла Хвастова і рэкамендаваў амбасадару ЗША ў Менску Карэн Сцюарт пакінуць межы Беларусі. Пра гэта паведаміў прэс-сакратар МЗС Беларусі Андрэй Папоў, прадстаўляючы заяву міністэрства замежных спраў. Прычынай гэтага сталі санкцыі дзярждэпартамента ЗША ў дачыненні беларускага дзяржаўнага канцэрна "Белнафтахім".

У заяве таксама падкрэсліваецца, што «цягам даволі працяглага часу Рэспублікай Беларусь згодна з дамоўленасцямі, дасягнутымі з нашымі заходнімі партнёрамі, быў распачаты цэлы шэраг паслядоўных і канструктыўных крокаў у мэтах нармалізацыі стасункаў з Еўрапейскім Звязам і ЗША.

Тым не менш, адзін з удзельнікаў дыялогу – Злучаныя Штаты Амерыкі, праігнараваўшы раней дасягнутыя дамоўленасці, парушылі ўзгоднены алгарытм дзеянняў па нармалізацыі стасункаў і ўвялі дадатковыя абмежавальныя меры эканамічнага характару ў дачыненні прадпрыемстваў канцэрна "Белнафтахім".

Беларускі бок заяўляе, што адказныя крокі Беларусі будуць насіць жорсткі характар. Пра характар гэтых крокаў амерыканскі бок быў раней апавешчаны. Адным з такіх крокаў з'яўляецца водгук у Менск для кансультацый Амбасадара Рэспублікі Беларусь у ЗША Міхаіла Хвастова. Адначасова Урад Рэспублікі Беларусь настойліва прапаноўвае Амбасадару Злучаных Штатаў Амерыкі ў Менску Карэн Сцюарт пакінуць краіну з той жа мэтай.

Беларускі бок асобна падкрэслівае, што, падпісаўшы Хельсінскі заключны акт, ЗША, як і іншыя дзяржавы-ўдзельніцы АБСЕ, узялі на сябе абавязальніцтва "пры ўсіх акалічнасцях устрымлівацца ад любога акту эканамічнага прымусу, накіраванага на падначаленне сваім уласным інтарэсам ажыццяўлення іншай дзяржавай-удзельніцай правоў, уласцівых яго суверэнітэту". Апошнія крокі адміністрацыі ЗША ў дачыненні Беларусі наўпрост супярэчаць дадзенаму абавязальніцтву і кідаюць выклік усім сябрам АБСЕ.

Змушаныя зноў канстатаваць, што Арганізацыя па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе, якая на нашае глыбокае перакананне, павінна быць эфектыўнай прыладай абароны правоў і інтарэсаў сваіх дзяржаў-удзельніц, у гэтай сітуацыі не выконвае свой непасрэдны мандат і не рэагуе на грубае парушэнне амерыканскай адміністрацыяй асноватворных прынцыпаў Арганізацыі.

Беларусь патрабуе ад АБСЕ неадкладных дзеянняў для эфектыўнага забеспячэння выканання дадзенай дзяржавай-удзельніцай асноватворных прынцыпаў Арганізацыі і сваіх міжнародных абавязальніцтваў.

Калі гэтага не адбудзецца, мы будзем змушаныя сур'ёзна задумацца над тым, якім чынам нам варта надалей выбудоўваць стасункі з дадзенай Арганізацыяй».

Апошнія навіны