BE RU EN

Польшча не скароціць, а павялічыць фінансаванне «Белсата»

  • 1.04.2008, 8:58

Міністэрства замежных спраў Польшчы не спыніць фінансаванне спадарожнікавага тэлеканала "Белсат". Такую заяву зрабіў міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі ў тэлефоннай гутарцы з дырэктарам "Белсата" Агнешкай Рамашэўскай.

Як паведаміла БелаПАН А.Рамашэўска, міністр сам патэлефанаваў 28 сакавіка, каб абмеркаваць падзеі, якія адбыліся ў Беларусі. "Я распавяла яму, пра наяўную сітуацыю, пасля чаго міністр запэўніў, што фінансаванне праекту не толькі не спыніцца, але нават павялічыцца", – адзначыла дырэктарка тэлеканала.

Яна нагадала, што польскі МЗС з'яўляецца галоўным спонсарам тэлеканала. Акрамя таго, фінансавую дапамогу "Белсату" робіць МЗС Літвы. Па словах А.Рамашэўскай, 31 сакавіка яна сустракалася з прадстаўнікамі амбасады Швецыі ў Варшаве. "Швецыя таксама плануе зрабіць падтрымку нашаму тэлеканалу", – паведаміла дырэктарка.

Тэлеканал "Белсат" пачаў вяшчанне 10 снежня 2007 года з мэтай падавання "дакладнай і незалежнай інфармацыі аб падзеях у Беларусі, Еўропе і свеце". Над праграмамі "Белсата" працуюць журналісты ў Беларусі, Польшчы, Літве і Чэхіі. Мова канала – беларуская.

Нагадаем, 27–28 сакавіка ў розных рэгіёнах Беларусі прайшлі ператрусы ў кватэрах журналістаў, якія супрацоўнічаюць з польскім "Радыё Рацыя", "Еўрапейскім радыё для Беларусі", польскім тэлеканалам "Белсат" і незалежнымі беларускімі СМІ. Падчас ператрусаў канфіскавалася тэхніка, што паралізавала працу шматлікіх журналістаў. Ператрусы праводзіліся супрацоўнікамі КДБ на падставе санкцыі менскай гарадской пракуратуры ў сувязі з крымінальнай справай трохгадовай даўнасці аб распаўсюджванні ў інтэрнэце мультфільмаў, якія ганяць гонар і годнасць прэзідэнта Беларусі.

Апошнія навіны