BE RU EN

Генпракуратура падтрымала забарону на выезд у дачыненьні Лябедзькі

  • 10.04.2008, 10:12

Генэральная пракуратура заявіла, што падставай для забароны на выезд зь Беларусі лідэра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі зьяўляецца ўзбуджаная ў дачыненьні да яго крымінальная справа.

Такі адказ кіраўнік АГП атрымаў на свой зварот з нагоды ўнясеньня яго ў сьпіс палітневыязных.

Старшыня аддзелу па наглядзе за захаваньнем правоў грамадзян Рыгор Шостак спаслаўся на закон “Пра парадак выезду з Рэспублікі Беларусь і ўезду ў Рэспубліку Беларусь грамадзян Рэспублікі Беларусь”. І ня ўгледжвае палітычных матываў ў забароне на выезд з краіны лідэру апазіцыйнай партыі, паведамляе сайт www.ucpb.org.

Прадстаўнік Генпракуратуры працытаваў артыкул 12 Міжнароднага пакту пра грамадзянскія і палітычныя правы, дзе пазначаны абмежаваньні на вольны ўезд і выезд грамадзян за мяжу. Гэта захады, выкліканыя неабходнасьцю аховы дзяржаўнай бясьпекі, грамадскага ладу, здароўя ці маралі насельніцтва ці правоў і свабод іншых асобаў. “Аналягічныя палажэньні Міжнароднага пакту выкладзены ў арт. 23 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь”, - гаворыцца ў адказе Генпракуратуры.

“У сваім звароце ў Генэральную пракуратуру я акурат і спрабаваў высьветліць, якія мае дзеяньні ці выказваньні наносяць шкоду бясьпецы краіны ці грамадскаму ладу, - адзначыў Анатоль Лябедзька. – Замест адказаў на пытаньні мне дасылаюць фармальную спасылку на закон “Пра парадак уезду і выезду грамадзян”, які супярэчыць і Канстытуцыі Беларусі, і Міжнароднаму пакту пра грамадзянскія і палітычныя правы”, - сказаў палітык.

Згодна зь ягонымі словамі, адна са спэцыялізацый пракурорскай вэртыкалі – гэта “крышаваньне” тых, хто на вяршыні ўлады. “Як толькі пытаньне датычыць выкананьня закону ў дачыненьні да апанэнтаў улады, людзі ў пракурорскіх мундзірах тут жа ўмываюць рукі. Генэральная пракуратура кіруецца не Канстытуцыяй Беларусі, а палітычнай мэтазгоднасьцю і спэцзамовай з Чырвонага дому”, - лічыць лідэр АГП.

Нагадаем, крымінальная справа ў дачыненьні да Анатоля Лябедзькі была ўзбуджана ў 2004 годзе зь ініцыятывы Генэральнай пракуратуры па ч.2. арт.367 Крымінальга кодэксу (паклёп на прэзыдэнта Беларусі) пасьля яго інтэрвію праграме “Зеркало” (тэлеканал “Россия”) і публікацыі ў газэце “Народная воля” на тэмы “ценевага бюджэту” і гандлю зброяй.

Апошнія навіны