Актывістку «Маладога Фронту» выключаюць з ВНУ
- 10.04.2008, 17:27
Студэнтцы 3‑га курсу Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўнівэрсытэту Людвісі Атакулавай 9 красавіка пагражалі выключэньнем з ВНУ.
За два дні да гэтага дзяўчына была затрыманая ў Полацку за акцыю салідарнасьці з Касяй Салаўёвай. Ноч дзяўчына правяла ў ізалятары, а ў чацьвер яе пакаралі штрафам у памеры 1 мільёну 225 тысяч рублёў.
«Сёньня, калі я прыйшла на першую пару ва ўнівэрсытэт, то мяне з старастай групы адразу выклікалі ў дэканат. Там мне адкрыта сказалі: «Рыхтуйся, цябе будуць выключаць». Маўляў, рашэньне гэтае прымалася не ўнутры ВНУ, а недзе вышэй. Я напісала тлумачальную, чаму два дні не было на занятках. А старасьце далі загад сабраць усе мае пропускі за гэты навучальны год. Нібыта цягам бліжэйшых дзён маё пытаньне павінны вырашыць дэкан Мікалай Кабушкін з рэктарам Уладзімерам Шымавым», — кажа Людвіся Атакулава ў інтэрв’ю “Нашай Ніве”.
Сёлета Атакулава за акцыю салідарнасьці з палітвязьнямі і прадпрымальнікамі ў студзені ўжо была арыштаваная на 15 сутак арышту. Тады рэктар Шымаў абмежаваўся апошнімі вымовамі ёй і яшчэ адной дзяўчыне: Касі Красновай. У выпадку наступных арыштаў ці затрыманьняў, дзяўчын абяцалі адлічыць з ВНУ.