BE RU EN

Разгонам акцыі 25 сакавіка ўлады пазбавілі беларусаў танных шэнгенскіх візаў

  • 11.04.2008, 11:32

Эўрапейскія дэпутаты ня хочуць падпісвацца пад дэклярацыяй аб памяншэньні коштаў візаў для грамадзян Беларусі. Прычынай гэтаму стала жорсткая рэакцыя ўладаў Беларусі пад час акцыі апазыцыі 25 сакавіка ў Менску.

Адзін зь ініцыятараў збору подпісаў эўрапейскі дэпутат Юстас Палецкіс зь Літвы заявіў, што ўжо няма шансаў сабраць неабходную колькасьць подпісаў.

“Я думаю, што гэтыя падзеі, якія адбыліся ў Менску ў сувязі са сьвяткаваньнем 90-годзьдзя незалежнасьці Беларусі, і пэўныя меры ўладаў паўплывалі на некаторых парлямэнтароў і яны ня хочуць ставіць подпісы. Палову подпісаў нам ужо ня ўдасца сабраць”, -- распавёў у інтэрвію “Радыё Свабода” Юстас Палецкіс.

Сабралі толькі 150 подпісаў, а трэба ня меней за 393. Праз тыдзень у Страсбуры можна будзе падпісвацца яшчэ цягам чатырох дзён. Аднак спадар Палецкіс пэсымістычна ацэньвае шансы. Паводле ягоных слоў, ініцыятары спадзяваліся ў “апошні тыдзень сабраць 100-150 подпісаў, але гэтага ня будзе дастаткова”.

Ініцыявалі збор подпісаў трое эўрадэпутатаў ад сацыял-дэмакратычнай фракцыі. Спадар Палецкіс мяркуе, што памылка была і ў тым, што кола ініцыятараў гэтай акцыі не было пашырана за кошт сяброў іншых фракцый. Аднак, паводле спадара Палецкіса, гэта часовая няўдача. Бо ўсё ж удалося прыцягнуць увагу да візавага пытаньня з боку парлямэнту і асабліва дэлегацыі па стасунках зь Беларусьсю.

Паводле спадара Палецкіса, кіраўнік дэлегацыі па стасунках зь Беларусьсю Яцэк Пратасэвіч пабываў у Вільні, Рызе і Варшаве, дзе правёў перамовы зь міністрамі ўнутраных і замежных справаў. Гаворка ішла пра тое, як агульнымі намаганьнямі, карыстаючы рычагі Эўрапарлямэнту, паменшыць кошты візаў для беларускіх грамадзянаў для паездак у краіны Шэнгену і асабліва ў суседнія краіны.

“Я не сумняюся, што бліжэйшым часам у Эўрапарлямэнце зьявіцца новы дакумэнт альбо ў выглядзе дэклярацыі ці рэзалюцыі і гэта кампанія будзе працягнута. Але зноў жа, трэба будзе дасягнуць згоды паміж усімі 27 краінамі Эўразьвязу, каб падтрымаць такую ініцыятыву Эўрапарлямэнту”, - кажа эўрадэпутат.

Нагадаем, на пачатку года сябры сацыял-дэмакратычнай фракцыі Эўрапарлямэнту Юстас Палецкіс зь Літвы, Генавэфа Грабоўска з Польшчы і Ханэс Свобада з Аўстрыі пачалі зьбіраць подпісы за тое, каб паменшыць кошт візаў для беларусаў. Для таго, каб дэклярацыя сталася пачаткам дыскусіі ў Эўрапарлямэнце, неабходна было сабраць ня меней за 393 подпісы дэпутатаў Эўрапарлямэнту.

Ініцыятары кампаніі намагаліся, каб Эўракамісія пачала перамовы зь беларускім урадам аб зьніжэньні коштаў. Хаця б да 35-ці эўра, як гэта ёсьць для грамадзянаў Расеі, Украіны і Малдовы. Цяпер віза для грамадзянаў Беларусі каштуе 60 эўра. Але, напэўна, у сьвятле апошніх падзей у Беларусі эўрапарлямэнтары ня хочуць весьці ніякіх перамоваў з беларускім урадам, у тым ліку і візавых.

Апошнія навіны