BE RU EN

Расея ўсё ж такі ўзнаўляе мяжу з Беларуссю

  • 13.04.2008, 13:42

Расейская мытня часова прыпыніла патрабаванне абавязковага афармлення пасведчання ўвозу транспартнага сродку пры ўездзе беларускага грамадзяніна на тэрыторыю Расеі.

Пра гэта паведаміў журналістам у суботу ў Менску намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэту Сяргей Барысюк.

“Адбыліся перамовы кіраўнікоў мытных службаў Беларусі і Расеі і быў знойдзены кампраміс – з 10 красавіка афармленне пасведчання ўвозу пры перакрочванні беларуска-рускай мяжы было прыпынена на самым напружаным участку – на трасе Берасце – Масква”, - сказаў С.Барысюк.

Па ягоных словах, на астатніх дарогах, у сувязі з нязначнай інтэнсіўнасцю, пасведчанні часовага ўвозу мытная служба Расеі працягвае выдаваць. Пры гэтым ён нагадаў, што плата за гэтую адміністрацыйную працэдуру была скасавана яшчэ ў 2007 годзе.

Між тым, маўляў, сам факт узнаўлення расейскім бокам абавязковага афармлення часовага ўвозу беларускіх легкавых аўтамабіляў пры ўездзе ў РФ з 28 сакавіка “быў не зусім абдуманым і неадпаведным прынятым раней рашэнням калегіі мытнага камітэту “саюзнай дзяржавы””.

Тым не менш, гэта рашэнне было прынята не Федэральнай мытнай службай Расеі, а “на ўзроўні ўраду і заканадаўства Расеі”.

С.Барысюк адзначыў, што магчымасць не афармляць часовы ўвоз на трасе Берасце – Масква будзе дзейнічаць няпэўны тэрмін, пакуль бакі не знойдуць прымальнага рашэння гэтай праблемы. У прыватнасці, разглядаецца магчымасць папярэдняга паведамлення праз інтэрнэт пра намер беларускага грамадзяніна ўехаць на тэрыторыю Расеі на легкавым аўтамабілі, што дазволіць скараціць час на афармленне пасведчання часовага ўвозу.

С Барысюк таксама рэкамендаваў беларускім грамадзянам ўсё ж такі афармляць пасведчанні часовага ўвозу, калі яны будуць ехаць па трасе Берасце-Масква, у выпадку, калі вяртацца яны будуць іншым шляхам.

Апошнія навіны