Не - мянтоўскаму гвалту!
- 14.04.2008, 8:33
12 красавіка на волю выйшлі актывісты грамадзянскай кампаніі “Еўрапейская Беларусь” Паліна і Павал Кур’яновічы. Брат і сястра былі затрыманы на розных акцыях пратэсту. Павал – у пікеце з патрабаваннем спыніць рэпрэсіі кітайскіх вайскоўцаў у Тыбеце, Паліна – пад час акцыі каля расейскай амбасады, куды маладыя беларусы прайшлі з плакатам “Не – Расеі, так – Еўразвязу”.
Павал быў асуджаны да 15 сутак арышту, Паліна – да 10. Як высветлілася, дзяўчыну пад час затрымання збівалі міліцыянты.
“Мяне прывезлі да РУУС Цэнтральнага раёну і адразу прывялі ў адзін з кабінетаў. Там тры разы абшуквалі. У кабінеце знаходзіліся супрацоўнікі міліцыі Сушчэня і Грышчанка, вядомыя мне з папярэдняга затрымання. Апрача іх было некалькі чалавек. Адзін з іх, у цывільным, падышоў да мяне, адштурхнуў ад маіх рэчаў і пачаў у іх корпацца. Ён стаў ірваць мой сшытак з нататкамі. Я ветліва папрасіла спыніць гэта. У адказ міліцыянт, які падышоў ззаду, ударыў мяне галавой аб стол (я сядзела на крэсле), потым мне заламалі рукі за спіну, надзелі кайданкі і паставілі тварам да сценкі. Пакуль я стаяла, атрымала некалькі ўдараў па нагах.
Пасля яны цягнулі мяне за рукі, закутыя ў кайданкі, па калідоры. Было невыносна балюча. Я прасілі ах спыніцца, казала, што ў мяне і так праблемы з правым плячом, але мяне ніхто не слухаў. Кайданкі мне знялі толькі ў “абяз’янніку”. Пасля пабояў у мяне засталіся сінякі, ад кайданкоў – драпіны...
Рапарты міліцыянты напісалі пад дыктоўку Сушчэні на маіх вачах. На наступны дзень у 8.30 раніцы мяне асудзілі на 10 сутак. Працэс адбыўся без адваката.
У турме я знаходзілася ў камеры памерам тры на чатыры метры. У розны час у ёй было ад 5 да 7 чалавек. На працягу двух сутак разам з намі знаходзілася жанчына з сур’ёзнымі псіхічнымі адхіленнямі. Яна не давала спаць, крычала, увесь час бегала па камеры. Яна не разумела, дзе знаходзіцца. Толькі на другія суткі яе звезлі ў Навінкі...”, -- распавяла Паліна Кур’яновіч у інтэрвію прэсаваму цэнтру Хартыі’97.
У Маскве нядаўна прайшлі акцыі супраць міліцэйскага гвалту. Сёння гэта тэма вельмі актуальная як у Расеі, так і ў Беларусі. Відаць, не выпадкова кіраўнікі гэтых краінаў так шмат гавораць пра аб’яднанне, бо рэжымы Расеі і Беларусі вельмі блізкія. Аднак хацелася б, каб міліцыянты выконвалі закон і заставаліся міліцыянтамі, а не ператвараліся ў мянтоў-гвалтаўнікоў, якія збіваюць мірных грамадзян. Калі б падобнае здарылася ў Еўразвязе, то адразу б стала здабыткам грамадскасці і прадметам разбіральніцтва у наглядных органах, медыях і нават ва ўрадзе. У Беларусі ж гвалтаўнікам пакуль усё сходзіць з рук.