BE RU EN

Затрымана лідэрка Звязу палякаў Беларусі і 8 грамадзян Польшчы

  • 14.04.2008, 8:59

13 красавіка памежнікамі Гарадзенскага атраду ў Воранаўскім раёне ў вёсцы Радунь прыкладна ў 10 кіламетрах ад беларуска-польскай мяжы былі затрыманы лідэрка грамадскага аб’яднання “Звяз палякаў у Беларусі” Анжаліка Борыс, карэспандэнт часопіса “Магазін Польскі” Ігар Банцэр, кіроўца аўтамабіля і восем польскіх грамадзян.

Затрыманыя актывісты былі аформлены як парушальнікі памежнага рэжыму. Пра гэта БелаПАН паведаміў кіраўнік прэсавага цэнтру Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі Аляксандр Цішчанка.

Па ягоных словах, у дачыненні трох грамадзян Беларусі складзены пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэнні. Для прыняцця рашэння парушальнікі рэжыму памежнай зоны запрошаны да загадчыка Гарадзенскага памежатраду 18 красавіка.

Што датычыць васьмі польскіх грамадзян, то, як патлумачыў А.Цішчанка, яны ўехалі ў памежзону без пропускаў, хаця па прыбыцці ў Беларусь, пры запаўненні міграцыйнай карты, пазначылі адным з пунктаў свайго знаходжання вёску Радунь, куды былі запрошаны. Цяпер палякі працуюць па сваёй праграме – праграме запрашэння.

Такім чынам, высвятляецца, што ў беларускай памежнай зоне памежнікамі былі затрыманы 11 чалавек: трое грамадзян Беларусі і восем – Польшчы.

Апошнія навіны