Ціск на апазыцыю ў рэгіёнах набывае вар’яцкія формы
- 14.04.2008, 11:10
Cябру Партыі БНФ Уладзімеру Казека з Драгічына ўначы спалілі машыну, абвінавацілі ў скраданьні накладных і палявалі за ім 2 дні напярэдадні Дня Волі.
– Уначы з 8 на 9 сакавіка ў маім гаражы сьпілавалі замок і цалкам спалілі машыну. Я зьвярнуўся ў міліцыю. Па гэтым факце ўжо ўзбуджана крымінальная справа, але пакуль нічога не знайшлі. Праз знаёмых мне перадалі, што гэта справа рук спэцслужбаў. Што такія формы ціску будуць працягвацца, калі я буду надалей займацца палітыкай і не адмоўлюся ад плянаў удзельнічаць у восеньскіх парлямэнцкіх выбарах, – распавядае спадар Уладзімер.
Спадар Уладзімер займаецца пчалярствам і актыўна супрацоўнічае з фірмай “Інвет”, якая гандлюе мёдам. Днямі супрацоўнікі прадпрыемства патэлефанавалі спадару Казеку і паведамілі, што за супрацоўніцтва зь ім (правяраючыя далі гэта зразумець) галоўнага бухгалтара аштрафавалі на 30 мільёнаў рублёў (за тое, што дазволілі Казеку нібыта “скрасьці накладныя”). Фірма лічыць пакараньне абсурдным і зьбіраецца яго абскарджваць.
Драгічынскія міліцыянты пільна адсочваюць жыцьцё беларускіх апазыцыянераў. 22 сакавіка на мабільны тэлефон Уладзімера Казекі, зарэгістраваны, між іншым, на другога чалавека, патэлефанаваў начальнік Драгічынскага крымінальнага вышуку спадар Петраеў і прасіў яго прыехаць РАУС 23 сакавіка.
– Я зразумеў, што мяне хочуць “закрыць” напярэдадні Дня Волі (так бывала раней) і вырашыў ня ісьці ў міліцыю. Мне паведамілі, што мяне шукалі па розных адрасах і ў сваякоў. Пасьля 25 сакавіка інтарэс да мяне ў супрацоўнікаў міліцыі раптам зьнік, – распавядае Уладзімер Казека, паведамляе сайт milinkevich.org.