У Кіеве завершыўся фестываль «Беларуская Вясна» (Фота)
- 14.04.2008, 13:06
13 красавіка ў культурна-мастацкім цэнтры “Підwall” пры Нацыянальным унівэрсытэце “Кіева-Магілянская Акадэмія” адбылася ўкраінска-беларуская літаратурная вечарына.
У яе межах была арганізаваная прэзэнтацыя новых кніг беларускіх літаратараў (У.Ахроменка, М.Клімковіч, Н.Бабіна, С.Квяткоўскі, С.Прылуцкі, Л.Асіпенка, К.Квяткоўска), а таксама ўкраінска-беларускі паэтычны слэм, паведамляе “Радыё Свабода”.
Слэм быў аформлены як баксэрскі турнір: у залі былі нацягнутыя абмежавальныя тросы, паміж якімі змагаліся ў паэтычнай упраўнасьці падзеленыя на пары ўкраінскія і беларускія маладыя паэты. У складзе беларускае каманды былі Вера Бурлак, Віктар Жыбуль, Марыя Мартысевіч, Сяржук Мядзьведзяў, Віталь Рыжкоў, а таксама трэнэр каманды – Андрэй Хадановіч. Паводле рашэньня перапоўненае глядацкае залі, перамагла каманда Беларусі.
Літаратурная вечарына была апошняй падзеяй арганізаванага актывістамі ініцыятывы “Салідарнасьць” культурнага фэстывалю “Беларуская Вясна”, які адбываўся ва ўкраінскай сталіцы з 22 сакавіка.
Падчас фестывалю адбываліся выстаўкі беларускіх фатографаў, прэзентацыі кінастужак пра Беларусь, “круглыя сталы” з удзелам беларускіх журналістаў, пэрформансы.



