BE RU EN

Хрыстаса Пургурыдэса не ўпусцілі ў Менск

  • 15.04.2008, 8:46

Аўтар справаздачы па Беларусі ў ПАРЭ Хрыстас Пургурыдэс не меў магчымасьці прыехаць у Менск, каб падрыхтаваць справаздачу для ПАРЭ.

У Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы прадставяць справаздачу аб злоўжываньнях у сыстэме крымінальнага правасудзьдзя Беларусі. Аўтар справаздачы Хрыстас Пургурыдэс у інтэрвію “Радыё Свабода” паведаміў, што ў адрозьненьне ад таго разу, калі ён рыхтаваў папярэдні свой даклад пра Беларусь, цяпер ён ня меў магчымасьці наведаць Менск і пагутарыць з прадстаўнікамі ўладаў.

МЗС Беларусі адмовіўся запрасіць яго ў краіну, нягледзячы на адпаведны запыт Сакратарыяту Рады Эўропы. Таму інфармацыю аб парушэньнях пры ажыцьцяўленьні крымінальнага правасудзьдзя ў Беларусі Хрыстас Пургурыдэс зьбіраў з даступных яму крыніц.

Галоўную выснову сваёй справаздачы ён сфармуляваў наступным чынам:

“Найважнейшае пасланьне гэтага дакладу палягае ў тым, што рэжым у Менску павінен спыніць злоўжываньне крымінальнымі працэсамі ў палітычных мэтах”.

Пасьля вывучэньня сытуацыі спадар Пургурыдэс перакананы, што ў Беларусі шмат людзей зазнаюць крымінальны перасьлед з палітычных матываў, што ў краіне надалей існуюць палітычныя вязьні.

Аднак ён разумее складанасьць сытуацыі і не спадзяецца, што рэзалюцыі ПАРЭ змогуць хутка палепшыць сытуацыю:

“Я сапраўды не спадзяюся на такія вынікі разгляду, якія б прымусілі рэжым у Беларусі зьмяніць сваю палітыку заўтра ж. Я разумею, што гэта паступовы працэс, і спадзяюся, што крок за крокам нам удасца прымусіць беларускі рэжым памяняць сваю палітыку”.

Апошнія навіны