Пераслед за экскурсію ў Дзень Волі
- 15.04.2008, 10:03
У Гомелі дапыталі ўдзельнікаў гістарычнай экскурсіі, прымеркаванай да 90-годдзя БНР.
Як паведаміла БелаПАН журналістка Таццяна Бублікава, 14 красавіка міліцыянты ўжо ў трэці раз запрасілі яе ў Навабеліцкі РАУС Гомелю, з мэтай азнаёміць з матэрыяламі адміністрацыйнай справы ў дачыненні асобаў, што здзейснілі правапарушэнне па арт. 23.34 КоАП (парушэнне парадку правядзення масавага мерапрыемства).
23 сакавіка актывісты дэмакратычных сілаў прайшлі па вуліцы з шарыкамі і сцяжкамі белага і чырвонага колераў. Яны наведалі месцы, звязаныя з жыццём дзяячкі БНР Палуты Бадуновай. У пачатку красавіка ў Навабеліцкі РАУС былі выкліканы дзевяць чалавек, што ўдзельнічалі ў гістарычнай экскурсіі. Іх абвінавацілі ў арганізацыі незаконнага шэсця і ўдзеле ў ім.
Т.Бублікава патлумачыла ў міліцыі, што ўдзельнічала ў экскурсіі з мэтай асвятлення гэтай падзеі ў прэсе: "Я была там па заданні газеты "Товарищ", рэдакцыя пацвердзіла гэта, даслаўшы факс у аддзяленне міліцыі. Паказвала і журналісцкія пасведчанні - Беларускай асацыяцыі журналістаў і "Товарища", а мне міліцыянты прадэманстравалі відэазапіс, што я ўдзельнічала ў незаконным шэсці. Мяне прызналі правапарушальніцай і склалі адміністрацыйны пратакол".
Па словах Анатоля Паплаўнага, што таксама трапіў пад допыт міліцыі, яго таксама прызналі правапарушальнікам. "Яшчэ міліцыянты прасілі мяне напісаць распіску, што я абяцаю больш ніколі не ўдзельнічаць у незаконных мітынгах, пікетах альбо шэсцях. Я адмовіўся, бо не абавязаны пісаць такіх распісак і такой нормы няма ў заканадаўстве. Цяганіна з прыцягненнем нас да адказнасці доўжыцца ўжо амаль месяц. Магчыма, перад "Чарнобыльскім шляхам" 26 красавіка ў Менску каго-небудзь паспрабуюць пасадзіць на "суткі", - лічыць праваабаронца.