Амерыканскага адваката Зэльцэра адправілі ў Менску ў вар’ятню
- 15.04.2008, 10:20
Дзярждэпартамент ЗША заклікаў Беларусь дазволіць прадстаўнікам амбасады ў Менску наведаць амерыканскага грамадзяніна, затрыманага згодна з нявытлумачанымі абвінавачваннямі.
Прэсавы сакратар Дзярждэпартаменту Том Кейсі выступіў у панядзелак з заявай, у якой гаворыцца, што народжаны ў колішнім Савецкім Саюзе адвакат Эмануіл Зэльцэр пакутуе на сур'ёзныя захворванні і мае патрэбу ў сталым прыёме лекаў, паведамляе «Голос Америки».
Таксама Том Кейсі кажа, што беларускія ўлады з моманту арышту, здзейсненага 12 сакавіка, толькі раз дазволілі прадстаўнікам амерыканскай амбасады наведаць Зэльцэра і не паведамілі, што ён быў пераведзены ў псіхіятрычную лякарню.
Прэсавы сакратар Дзярждэпартаменту сказаў, што Беларусь мусіць выконваць міжнародныя юрыдычныя абавязкі і дазволіць зняволенаму амерыканскаму грамадзяніну рэгулярныя сустрэчы з прадстаўнікамі амбасады ў Менску.
Эмануіл Зэльцэр быў арыштаваны ў мінулым месяцы, па прыбыцці ў Менск для сустрэчы з кліентамі. Беларускія ўлады абвінавацілі яго ў тым, што ён меў пры сабе падробленыя дакументы, але не выказалі дэталяў абвінавачвання.
Брат Эмануіла, Марк Зэльцэр сказаў «Голосу Америки», што гэтыя абвінавачванні – «безгрунтоўная дурасць».
Эмануіл Зэльцэр з'яўляецца кіраўніком арганізацыі The American-Russian Law Institute, якая базуецца ў Нью-Ёрку. Ён вядомы як эксперт па пытаннях адмывання грошаў і арганізаванай злачыннасці ў былым Савецкім Саюзе.
Адносіны паміж ЗША і Беларуссю рэзка пагоршыліся пасля леташняга ўвядзення з амерыканскага боку санкцыяў супраць канцэрну «Белнафтахім». Вашынгтон напалову скараціў колькасць супрацоўнікаў амбасады ў Менску і спыніў выдачу беларусам уязных візаў.