Мянцюк хаваецца ў Расеі?
- 16.04.2008, 9:20
Не выключана, што кіроўца Раман Мянцюк, супраць якога супрацоўнікі ДАІ выставілі "жывы шчыт", хаваецца ў Расеі.
"Раману Менцюку высунута завочнае абвінавачванне. Ён пераведзены ў статус абвінавачванага, абрана захада спынення - арышт, - распавёў " КП в Беларуси" загадчык аддзялення інфармацыі і грамадскіх сувязяў УУС Мінаблвыканкаму Аляксандр Шункевіч. -- Абвешчаны рэспубліканскі вышук. Магчыма, будзе абвешчаны і міждзяржаўны вышук".
Нагадаем, што п'яны кіроўца на "Гольфе" пратараніў 2 сакавіка на пад'ездзе да Менску "жывы шчыт" з цывільных машынаў. Выпадковых людзей пашыхтавалі ў лінейку супрацоўнікі ДАІ. Іх таксама будуць судзіць. А вось віноўца пасля гучнай аварыі паспеў пабрацца са сваёй спадарожніцай і з'ездзіць на здымкі праграмы "Пусть говорят " да Андрэя Малахава ў Маскву. З тых часоў яго мабільны тэлефон не адказвае.
Дарэчы, у ЗАГС Вольга і Раман прыехалі ў сярэдзіне сакавіка адразу пасля судова-медыцынскай экспертызы. Тады, па словах Вольгі, яе пералом папярэдне ацанілі як менш чым цяжкое пашкоджанне цела. 14 красавіка следчыя атрымалі выснову судмедэкспертаў. У Вольгі цяжкія пашкоджанні цела. А гэта можа значыць да 5 гадоў пазбаўлення волі для Менцюка.