Зельцэру прызначана судова-псіхіятрычная экспертыза
- 16.04.2008, 11:28
Следчы прызначыў правядзенне судова-псіхіятрычнай экспертызы грамадзяніну ЗША Эмануілу Зэльцэру, што быў затрыманы ў Менску.
"Э.Зэльцэр змешчаны ў стацыянарнае аддзяленне судова-псіхіятрычных экспертызаў для асобаў з жорсткім утрыманнем", паведамілі "Інтэрфаксу" у Рэспубліканскай клінічнай псіхіятрычнай лякарні (пасёлак Навінкі пад Менскам).
"Ён змешчаны ў аддзяленне для правядзення судова-псіхіятрычнай экспертызы", паведамілі ў лякарні. Там адмовіліся сказаць, які тэрмін Э.Зэльцэр правядзе ў лякарні, і ў сувязі з чым прызначана экспертыза, спаслаўшыся на медычную таямніцу.
Як паведамлялася раней, Э.Зэльцэр быў затрыманы 12 сакавіка ў аэрапорце Менску, куды прыляцеў для кароткай сустрэчы. У медыях выказвалася меркаванне, што арышт адваката звязаны са справай памерлага ў Лондане грузіна-расейскага бізнэсмэна Бадры Патаркацышвілі, які быў кліентам Э.Зэльцэра.
Э.Зэльцэр, былы савецкі эмігрант, з'яўляецца экспертам па арганізаванай злачыннасці і адмыванню грошай у Расеі і былых савецкіх рэспубліках. У 2000-2001 гадах быў адвакатам затрыманага ў Нью-Ёрку Дзяржсакратара Саюзу Беларусі і Расеі Паўла Барадзіна.
Э.Зэльцэр фігураваў у справе аб верагодным адмыванні грошай праз Bank of New York.