BE RU EN

Заробак харошыць «дэпутата»

  • Светлана Михальченко, «Товарищ»
  • 16.04.2008, 12:03

У актавай зале Светлагорскай гімназіі адбылася не зусім звычайная сустрэча з дэпутаткай "палаты прадстаўнікоў" "нацыянальнага сходу" Рэспублікі Беларусь Валянцінай Кавалёвай.

Ініцыятыўная група дэмакратычных сілаў рэгіёну запрашала жыхароў Светлагорска на сустрэчу з "дэпутаткай", на якой мы настойвалі. А выканкам запрасіў (а хутчэй абавязаў!) з'явіцца педагогаў раёну на сустрэчу з адной з інфармацыйных групаў райвыканкаму, у складзе якой будзе і В.Кавалёва.

Так ці інакш, сустрэча адбылася. Кіраваў ёй намеснік старшыні райвыканкаму Аляксандр Камісарчук. Адначасова ладзіліся сустрэчы з інфармацыйнымі групамі ў Палацы энергетыкаў, на прадпрыемствах і ў арганізацыях раёну.

На сустрэчу ў гімназію прыехала 10 намеснікаў кіраўнікоў аддзелаў і службаў. Да 18 гадзінаў прыйшло больш за 300 чалавек: зала была перапоўнена. Шмат хто сышоў - не хапіла месца і не задаволіў сцэнар сустрэчы, згодна з якім спачатку трэба было выслухаць справаздачы ўсіх службоўцаў і толькі потым задаваць пытанні.

Але нічога не паробіш: пан - гаспадар. Тыя, хто дачакаўся справаздачы "дэпутаткі", даведаліся: усё дасягненні ў раёне адбыліся менавіта пры ўдзеле і з непасрэднай дапамогай дэпутаткі... Кожная хвіліна яе дзейнасці размеркавана і скіравана на паляпшэнне жыцця жыхароў Светлагорскага раёну.

Хаця аналіз сведчыць, што яе "дэпутацкая" праграма не выканана прыкладна на 80 адсоткаў. На пытанні пра тое, як змянілася матэрыяльнае становішча людзей пасля адмены сацыяльных ільготаў, В.Кавалёва адказала ўхіліста… Яе стаўленне да будаўніцтва АЭС нявызначана… Яна нічога не можа сказаць з нагоды "абдзіралаўкі" настаўнікаў у школах, не ведае, як можна было замірыцца з прыняццем закону аб правядзенні сумоўяў пры выканкамах з выпускнікамі школаў, што выказалі жаданне паступаць на прэстыжныя прафесіі.

На пытанне пра тое, які заробак атрымліваюць "дэпутаты", В.Кавалёва адказала, што памятае толькі свой першы заробак, а астатнія ніколі не ведала і не ведае. Але лічыць, што вартая таго заробку, які мае. (Хаця "Товарищ" нядаўна паведамляў, што шараговы дэпутат "палаты прадстаўнікоў" атрымлівае ў месяц каля 1500 даляраў. Не бядуюць служкі народу і пасля сыходу на пенсію, маючы штомесяц пад 1000 даляраў).

Не бяруся з гэтым спрачацца: пры цяперашніх парадках "дэпутата" харошыць не справа, а заробак…

Апошнія навіны