Застацца ў жывых
- 16.04.2008, 12:55
Падвышэнне арэнды - чарговы крок уладаў па знішчэнні малога бізнэсу і грамадзянскай супольнасці ў Беларусі.
У прыватнага бізнэсу застаўся роўна тыдзень, каб папрацаваць яшчэ па старых, ніжэйшых стаўках арэнднай платы. 23 красавіка бярэ моц указ №533, згодна з якім арэнда за гандлёвыя месцы, размешчаныя ў будынках, збудаваннях і памяшканнях дзяржаўнай уласнасці, будзе істотна падвышана. Гэта датычыць і трэцяга сектару - грамадскіх арганізацыяў і аб'яднанняў, а таксама навучальных установаў. Эксперты прадвяшчаюць: у "жывых" застануцца далёка не ўсё, піша газета "Белорусские новости".
Указ, у прыватнасці, адмяняе паніжальны каэфіцыент 0,4 для юрыдычных асобаў і індывідуальных прадпрымальнікаў, якія працуюць у абсягу раздробнага гандлю і побытавага абслугоўвання насельніцтва ў Менску і абласных цэнтрах.
Лідэр кампаніі "За вольнае развіццё прадпрымальніцтва" Віктар Гарбачоў лічыць, што падвышэнне арэнды з'яўляецца чарговым крокам па знішчэнні малога бізнэсу ў Беларусі: людзі будуць змушаны альбо зачыняць свае пункты, альбо скарачаць колькасць гандлёвых месцаў. Аднак падвышэнне ставак для гандляроў стукне і па кішэні шараговага спажыўца. Бо мусяць жа прадпрымальнікі неяк кампенсаваць свае выдаткі.
На думку старшыні грамадскага аб'яднання "Перспектыва" Анатоля Шумчанкі, з падвышэннем арэнднай платы бізнэс шмат у каго з прадпрымальнікаў стане стратным. "Прадпрымальнікі ўжо проста так адмаўляюцца ад памяшканняў, за якія некалі біліся на аўкцыёнах", - пераказвае яго словы БелаПАН.
Арэнда памяшканняў - бізун для бізнэсу. Вырашыць праблему "даху над галавой" ён мог бы, купіўшы ў дзяржавы некарыстаныя ці неэфектыўна карыстаныя будынкі і збудаванні. Аднак працэдура іх продажу надта складаная і працяглая. Часцяком пагадненням перашкаджаюць абмежаванні на будучую дзейнасць новага ўладальніка. Продаж аб'ектаў праз конкурс ці аўкцыён часцей за ўсё суправаджаецца пэўнымі ўмовамі: вытворчасць канкрэтных відаў прадукцыі, захаванне профілю прадпрыемства на пэўны тэрмін і г.д.
Не дзіўна, што каля 80% бізнэсу, паводле экспертаў, працуе не ва ўласных "апартаментах", а мусяць арандаваць іх. У асноўным у той самай дзяржавы.
Цяжка будзе адукацыйным і выхаваўчым установам, паколькі каэфіцыент на арандаваныя імі памяшканні падвысіцца ўдвая (з 0,4 да 0,8). Павялічыць кошт навучання, што ў пэўнай ступені кампенсавала б страты, таксама не надта проста: цяперашнія абмежаванні дазваляюць зрабіць гэта не больш, чым на 0,5% у месяц. Да таго ж, рэзкае падвышэнне кошту шмат каго можа адштурхнуць.
Без даху над галавой рызыкуюць застацца грамадскія аб'яднанні, для якіх пасля адмены паніжальнага каэфіцыента 0,1 арэндная плата ўзрасце ў 10 разоў. Яшчэ ў снежні мінулага году шэраг грамадскіх аб'яднанняў (ТБМ імя Францыска Скарыны, Беларускі звяз прадпрымальнікаў, Беларускае таварыства юрысконсультаў і іншыя) звярнуўся з лістом ва ўрад і адміністрацыю прэзідэнта з просьбай перагледзець падыход дзяржавы да вызначэння ставак арэнднай платы.
У сваім звароце яны звярталі ўвагу, што "супольнікі" не займаюцца прадпрымальніцкай дзейнасцю і існуюць толькі на ўваходныя і сяброўскія ўнёскі. "Ільготавая" плошча для грамадскіх аб'яднанняў пашыралася на 75 кв. м (а ўсё, што звыш, аплачвалася па агульных стаўках). З уваходам жа ў законны моц указу № 533 грамадскія аб'яднанні гэтую падтрымку губляюць.
Аднак да голасу трэцяга сектару не прыслухаліся. "Мы апынуліся ў вельмі цяжкім становішчы. Грошай, каб плаціць па 2,5 мільёны рублёў у месяц за арэнду памяшкання, у нас няма", - паведамілі " Белорусским новостям" у Беларускім звязе прадпрымальнікаў. Цяпер грамадскія аб'яднанні плацяць 1 еўра за 1 кв.м у месяц (плюс падвышальныя каэфіцыенты ў залежнасці ад размяшчэння памяшкання). Пасля ўваходу ў моц указу № 533 базавая стаўка ўзрасце да 10 еўра за "квадрат".
Дарэчы, грамадскія арганізацыі карыстаюцца льготамі ва ўсім свеце, у тым ліку і пры арэндзе памяшканняў для сваёй дзейнасці. Але ў нашых умовах, відаць, такім чынам дзяржава змагаецца з грамадскімі арганізацыямі і спрабуе процістаяць фармаванню грамадзянскай супольнасці ў краіне.