BE RU EN

Пуціна і Мядзведзева заклікалі далучыцца да міжнароднага ціску на рэжым Лукашэнкі

  • 16.04.2008, 14:48

Занепакоенасць сітуацыяй ў Беларусі выказалі сёння на прэс-канферэнцыі ў маскоўскім Незалежным прэс-цэнтры расейскія праваабаронцы, сярод якіх Марыя Парамонава (Моладзевы праваабарончы рух), каардынатар "Абароны" Алег Казлоўскі, Аляксандр Чайчыц (беларуская дыяспара Масквы), Валянцін Гефтэр (Інстытут правоў Чалавека).

Як паведамляе "Новая газета", сабраныя, у прыватнасці, распавялі, што на сённяшнім працэсе над удзельнікамі акцыі прадпрымальнікаў у Менску адзін з падсудных - Міхась Пашкевіч – папрасіў даць яму перакладніка, паколькі суддзя чытае па-руску, а ён можа казаць толькі па-беларуску. Але прадстаўнікі суду праігнаравалі просьбу Пашкевіча.

Адзін з абвінавачаных па справе "масавых беспарадкаў", Андрэй Кім, які падсудны адначасова і ў іншай справе - малады актывіст, маўляў, стукнуў супрацоўніка ДАІ на акцыі 21 студзеня, - з канца студзеня знаходзіцца ў СІЗА. Астатнія абвінавачваныя - А.Бондар, А.Дубскі, А.Койпіш, М.Крываў, М.Пашкевіч, У.Сяргееў, А.Стральцоў, Т.Цішкевіч (падчас аднаго з судовых паседжанняў прадэманстравала суддзі сваю куртку, запэцканую крывёй. Суддзя не адрэагавала на гэта і дала дзяўчыне 12 сутак арышту) і А.Чарнышоў знаходзяцца пад падпіскай аб нявыездзе. Апрача таго, судовы разгляд у дачыненні яшчэ чацвярых абвінавачаных па гэтай скандальнай справе - А.Баразенкі, П.Вінаградава, М.Дашука і М.Субача - пакуль адкладзена.

Чатырнаццаць маладзёнаў, сярод якіх - адзін непаўнагадовы і адна дзяўчына, абвінавачваюцца па крымінальным артыкуле, паводле якога ім пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі. У дадатак, Андрэю Кіму пагражае яшчэ да шасці гадоў па артыкуле аб збіванні супрацоўніка ДАІ.

Пад час прэс-канферэнцыі Аляксандр Чайчыц заклікаў расейскія ўлады далучыцца да рэзалюцыяў, прынятых АБСЕ і ААН з нагоды сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Такім чынам, сказаў Гефтэр, Расея можа далучыцца да міжнароднага ціску на беларускія ўлады.

Характэрна, што перад пачаткам прэс-канферэнцыі ў Незалежны прэс-цэнтр прыйшлі супрацоўнікі АУС. Не назваўшыся і сказаўшы, што цікавяцца "пытаннямі бяспекі" і засцерагаюцца правакацыяў, яны зайшлі ў залу канферэнцыяў. Ахоўнікі парадку пераканаліся, што ўсё праходзіць спакойна і сышлі. Прысутныя выказалі здагадку, што гэта былі супрацоўнікі АУС "Хамовники".

Дадамо, што сёння ў Маскве ладзіцца традыцыйная акцыя каля амбасады Беларусі (вуліца Маросейка, 17/6, станцыя метро "Китай-город"), якая сімвалізуе ўзнікненне Грамадскай ініцыятывы "Салідарнасць з Беларуссю" і важнасць салідарнасці з палітвязнямі.

Апошнія навіны