Польшча і Вялікабрытанія дамовіліся пра здзяйсненне падтрымкі тэлеканалу «Белсат»
- 16.04.2008, 15:45
Міністэрства замежных справаў Польшчы і амбасада Вялікабрытаніі ў Варшаве дамовіліся пра здзяйсненне падтрымкі спадарожнікаваму тэлеканалу "Белсат". Пра гэта паведамляе прэсавая служба польскага замежнапалітычнага ведамства.
"Праграмы "Белсату", якія робяцца пераважна на беларускай мове, прапануюць грамадзянам Беларусі аб'ектыўную і праўдзівую інфармацыю пра падзеі ў краіне, Еўропе і свеце", - адзначаецца ў паведамленні, пераказвае БелаПАН.
Падчас праведзеных у канцы сакавіка ператрусаў у журналістаў тэлеканалу, што працуюць у Беларусі, былі адабраны кампутары і іншая тэхніка. "1 красавіка амбасада Вялікабрытаніі абяцала выдзеліць сродкі на закупку ноўтбукаў для журналістаў "Белсату", - гаворыцца ў паведамленні прэсавай службы. Раней брытанскі амбасадар у Польшчы Рык Тод асабіста сустракаўся з журналістамі тэлеканалу.
Міністр замежных справаў Польшчы Радаслаў Сікорскі абвясціў, што польскі бок плануе павялічыць фінансаванне "Белсату", каб кампенсаваць страты, панесеныя журналістамі. "Мы таксама заклікаем іншыя амбасады і арганізацыі аказаць магчымую дапамогу", - гаворыцца ў паведамленні.
Таксама Міністэрства замежных справаў Польшчы падкрэслівае, што пераследы журналістаў у Беларусі, у тым ліку супрацоўнікаў тэлеканалу "Белсат" і "Радыё Рацыя", выклікаюць "асаблівы клопат".
Нагадаем, 26 і 27 сакавіка па ўсёй Беларусі адбыліся масавыя ператрусы ў кватэрах журналістаў – супрацоўнікаў замежных медыяў, якія вяшчаюць на тэрыторыю Беларусі з-за мяжы, - "Радыё Рацыя", "Еўрапейскага радыё для Беларусі", тэлеканалу "Белсат. Ператрусы здзяйсняліся супрацоўнікамі КДБ на падставе пастановы за подпісам нампракурора Менску Аляксея Стука ў сувязі з крымінальнай справай, распачатай у 2005 годзе Менскай гарадской пракуратурай па факце паклёпу на прэзідэнта. Абвінавачваныя па гэтай справе выехалі за мяжу.