50 адзіночных пікетаў у падтрымку палітвязьняў (Фота, відэа)
- 16.04.2008, 16:12
Удзельнікі грамадзянскай кампаніі “Еўрапейская Беларусь” выказалі сваю салідарнасць і падтрымку дэмакратычным актывістам, якіх сёньня судзяць за удзел у акцыі прадпрымальніках 10 студзеня.
Актывісты кампаніі ўжылі новы, крыху нязвыклы для нашай краіны, фармат акцыі.
Так, 15 красавіка, у другой палове дня, ў горадзе было праведзена 50 адзіночных пікетаў працягласцю ад 5 да 10 хвілінаў. У кожным з іх браў удзел адзін чалавек. Актывісты кампаніі станавіліся з партрэтамі сваіх сяброў, якіх заўтра чакае суд, ля дзяржаўных установаў, крамаў, рынкаў, цэркваў, на плошчах і прыпынках грамадскага транспарту.
Людзям, якія цікавіліся прычынай правядзення акцыі, распавядалі, што 16 красавіка ў судзе Цэнтральнага раёну будуць судзіць маладых людзей за ўдзел у акцыі пратэсту, тлумачылі, што ім пагражае да 2 год зняволення.
Адна з удзельніц акцый так пракаментавала яе правядзенне: "Па-першае, мы хацелі данесці інфармацыю пра суд да як мага большай колькасці жыхароў гораду. Праз тое, што акцыі прайшлі ў дзесятках месцаў, гэта ўдалося. Па-другое, гэта яшчэ і пэўная трэніроўка для нашых людзей, бо адна справа выходзіць на масавую акцыю, дзе побач з табою шмат сяброў, і зусім іншая - выходзіць аднаму. Гэта патрабуе зусім іншага ўзроўню асабістай мужнасці".
У некаторыя месцы праз пэўны час пасля сканчэння пікету прыбывалі супрацоўнікі міліцыі, прычым, бліжэй да вечара іх паводзіны станавіліся больш разгубленымі і нэрвовымі. Гэта і зразумела, бо, напрыклад, у раёне плошчы Якуба Коласа прайшло шэсць адзіночных пікетаў. Нягледзячы на тое, што большасць акцый прайшла ў цэнтры Менска, іх удзельнікам удалося пазбегнуць затрыманняў.










