«Працэс 14-ці» працягнецца 17 красавіка
- 16.04.2008, 18:43
Працэс па справе ўдзельнікаў акцыі пратэсту прадпрымальнікаў працягнецца 17 красавіка ў судзе Цэнтральнага раёну. Судовае паседжанне пачнецца ў 10.30.
Сёння ў судзе былі дапытаны сведкі з боку абвінавачвання, якія давалі даволі супярэчлівыя паказанні .
Падсудныя Таццяна Цішкевіч, Арцём Дубскі, Антон Койпіш, Аляксей Бондар адмовіліся даваць паказанні, заявіўшы, што не лічаць суд справядлівым.
У суд не змаглі трапіць усе ахвочыя. Падтрымаць актывістаў прыйшло больш за 100 чалавек, у тым ліку вядомыя палітыкі і грамадскія дзеячы. Супрацоўнікі АМАПу адшчымілі людзей, якія сталі каля суду з партрэтамі ўдзельнікаў "Працэсу 14-ці". Больш за 10 амапаўцаў "адканваявалі" актывістаў да Трактарнага заводу
Нагадаем, што сёння перад судом паўсталі 10 чалавек - Андрэй Кім (які знаходзіцца ў зняволенні з 31 студзеня), Міхась Пашкевіч, Аляксей Бондар, Уладзімір Сяргееў, Арцём Дубскі, Алесь Стральцоў, Андрэй Чарнышоў, Антон Койпіш, Міхась Крываў і Таццяна Цішкевіч.
Яшчэ чацвярых – Аляксандра Баразенку, Паўла Вінаградава, Міхася Субача і Максіма Дашука - сёння судзіць не будуць. Яны не паспелі азнаёміцца з матэрыяламі справы, таму працэс над імі перанеслі на няпэўны час.
Нагадаем, што на акцыю пратэсту 10 студзеня, за якую судзяць людзей, выйшла каля 5 тысяч прадпрымальнікаў, якія ў знак пратэсту супраць дыскрымінацыйных указаў Аляксандра Лукашэнкі перакрылі праспект Незалежнасці.