Затрыманьні за акцыю салідарнасьці ў Віцебску
- 17.04.2008, 9:02
17-гадовых Юлію Міхайлаву і сясьцёр Вікторыю і Крысьціну Чыж міліцыянты забралі ў Кастрычніцкі райаддзел з плошчы Свабоды. Віцебская апазыцыйная моладзь праводзіла там ўвечары 16 красавіка акцыю салідарнасьці з палітзьняволенымі.
Каля дзясятка чалавек сталі ўздоўж ходнікаў з партрэтамі Аляксандра Казуліна, Андрэя Кіма і віцебскага прадпрымальніка Сяргея Парсюкевіча. Праз 10 хвілін ад пачатку акцыі міліцыянты зьвярнуліся да ўдзельнікаў з патрабаваньнем разысьціся. Трох дзяўчат, якія адмовіліся выканаць гэтае патрабаваньне, супрацоўнікі міліцыі адвезьлі ў пастарунак, паведаміла “Радыё Свабода”.
У затрыманых узялі тлумачэньні пра тое, што яны рабілі на плошчы з партрэтамі, прычым міліцыянты трымалі іх у райаддзеле больш за вызначаныя заканадаўствам тры гадзіны. Гэтае парушэньне праваабаронцы і сябры затрыманых зафіксавалі ў кнізе скаргаў, а прадстаўнік БХК Павал Левінаў патэлефанаваў у абласную управу МУС, патрабуючы неадкладна вызваліць няпоўнагадовых.
Амаль праз чатыры гадзіны Юлію Міхайлаву, Вікторыю і Крысьціну Чыж адпусьцілі дахаты са сваякамі, якія забралі іх зь міліцыі. Для ўсіх трох дзяўчат гэта ўжо другое затрыманьне на працягу апошняга месяца: мінулы раз яны трапілі ў пастарунак 24 сакавіка, напярэдадні Дня Волі.