BE RU EN

Падкамітэт ПАРЕ па СМІ асудзіў выкарыстанне сілы ў дачыненні да журналістаў у Беларусі

  • 17.04.2008, 9:38

Падкамітэт Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы па СМІ асудзіў выкарыстанне сілы ў дачыненні да журналістаў на дэманстрацыі 25 сакавіка ў Менску з нагоды 90-годдзя БНР і масавыя ператрусы ў беларускіх журналістаў 27 сакавіка. Пра гэта БелаПАН паведаміла кіраўнічка няўрадавай арганізацыі "Офіс за дэмакратычную Беларусь" Вольга Стужынская.

Падкамітэт заклікаў беларускія ўлады разгледзець гэтыя здарэнні і захоўваць свабоду СМІ у Беларусі. У заяве падкамітэт таксама далучыўся да засцярогаў РГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" ў дачыненні да распрацаванага закону аб СМІ і выказаў гатовасць абмяркоўваць яго праект з беларускімі заканадаўцамі.

На паседжанні выступілі запрошаная кіраўнічка БАЖу Жана Літвіна і намеснік старшыні руху "За свабоду" Юрась Губарэвіч. Ж.Літвіна, у прыватнасці, распавяла пра масавыя ператрусы 27 сакавіка і папрасіла Раду Еўропы звярнуцца да беларускіх уладаў, каб журналістам вярнулі канфіскаваную тэхніку.

Дэпутатка "палаты прадстаўнікоў" "нацыянальнага сходу" Беларусі Таццяна Сафроненка таксама была сярод запрошаных, аднак не змагла прыехаць, спаслаўшыся на занятасць. Афіцыйны Менск на паседжанні прэзентаваў супрацоўнік беларускай дыпмісіі ў Страсбургу, сын экс-старшыні КДБ, Андрэй Сухарэнка. Ён, у сваю чаргу, адмовіўся каментаваць выступы прадстаўнікоў Беларусі.

Падкамітэт ПАРЕ па СМІ таксама абмеркаваў фармат міжнароднай канферэнцыі па Беларусі, якую плануецца правесці 5-6 чэрвеня ў Варшаве. Яна павінна стаць платформай для зносінаў з грамадзянскай супольнасцю і абмеркавання сітуацыі з СМІ. Падрыхтоўкай форуму зоймецца генеральны дырэктарат ПАРЕ па палітычных пытаннях. Прынята рашэнне запрасіць на яго прадстаўнікоў афіцыйных структур Беларусі, а таксама міжнародных арганізацый.

Апошнія навіны