Старшыню беларускага КДБ прапанавалі пагуляцца з цацкамі, а не з лёсамі людзей (Фота)
- 17.04.2008, 9:50
Акцыі салідарнасці з беларускімі палітвязнямі і ўдзельнікамі шэсця і мітынгу прадпрымальнікаў 10 студзеня ў Менску адбыліся ў Вільнюсе (Літва) і Нарве (Эстонія).
У Вільнюсе акцыю зладзіла студэнцкае аб'яднанне Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту. Як паведаміў БелаПАН актывіст моладзевай ініцыятывы "StudAlliance" Кірыла Атаманчык, увечар 16 красавіка каля беларускай амбасады ў Літве маладыя людзі паставілі стэнд з надпісам "Гуляйцеся з цацкамі, але не лёсамі людзей!". Маладыя людзі паклалі па цаццы да партрэтаў Аляксандра Лукашэнкі, міністра ўнутраных справаў Уладзіміра Навумава і старшыні КДБ Юрыя Жадобіна. Побач з амбасадай студэнты раздавалі мінакам інфармацыйныя матэрыялы пра суд над удзельнікамі мітынгу прадпрымальнікаў.
У Нарве, на мяжы Эстоніі і Расеі, беларускія студэнты зладзілі імправізаваны пікет, паведаміў БелаПАН удзельнік акцыі Ігар Случак. Яны разгарнулі бел-чырвона-белы сцяг, раздавалі мінакам буклеты пра беларускіх палітвязняў і беларускую нацыянальную сімволіку. "У Нарве, дзе 95% насельніцтва рускамоўнае, акцыя беларусаў знайшла падтрымку і разуменне, нягледзячы на тое, што рускамоўныя медыі паказваюць Беларусь як узор для пераймання. Для шматлікіх людзей гэта была першая сустрэча з беларускай рэальнасцю", - адзначыў І.Случак.


