Беларускі МЗС пакутуе ў чаканні
- 17.04.2008, 15:18
Міністэрства замежных спраў Беларусі пакуль не атрымала адказу на сваё патрабаванне аб скарачэнні колькасці супрацоўнікаў амбасады ЗША ў Менску. Пра гэта 17 красавіка паведаміў прэс-сакратар МЗС Андрэй Папоў, адказваючы на брыфінгу на пытанні журналістаў.
"Ніякай новай дадатковай інфармацыі пра рашэнне ЗША у МЗС Беларусі няма, - пераказвае словы Папова БелаПАН. - Я не хацеў бы дэталізаваць і распісваць нашыя далейшыя дэкларацыі і намеры. Усе тыя заявы, якія мы рабілі раней, застаюцца ў сіле".
Пры гэтым ён катэгарычна адмовіўся адказваць на пытанне, ці вярнуліся ў Менск супрацоўнікі беларускай амбасады ў ЗША.
7 сакавіка пасля апублікавання тлумачэнняў да санкцыяў ЗША у дачыненні "Белнафтахіму" з Вашынгтона быў адкліканы амбасадар Міхась Хвастоў. 12 сакавіка Менск з-за патрабавання беларускага боку пакінула амбасадарка Карэн Сцюарт. Пасля ЗША было рэкамендавана скараціць колькасць супрацоўнікаў дыпмісіі. 27 сакавіка Беларусь пакінулі 17 амерыканскіх дыпламатаў.
31 сакавіка Беларусь прыняла рашэнне пра дадатковае скарачэнне персаналу сваёй амбасады ў Вашынгтоне і прапанавала ЗША зрабіць тое ж самае. Як растлумачыў 2 красавіка намеснік міністра замежных спраў Віктар Гайсёнак, Беларусь жадае давесці колькасць сваіх дыпламатаў у ЗША і амерыканскіх - у Беларусі "да парытэту па формуле "адзін плюс шэсць" (адзін амбасадар і шэсць супрацоўнікаў).
5 красавіка намеснік прэс-сакратара Дзярждэпартаменту ЗША Том Кейсі назваў новае патрабаванне Беларусі "неапраўданым і неправамерным". Пазней паведамлялася, што ЗША не пайдуць на дадатковае скарачэнне персаналу амбасады.