На «Працэсе 14-ці» судзьдзя забараніла міліцыянту размаўляць па-беларуску
- 17.04.2008, 15:57
У Цэнтральным судзе працягваецца працэс над удзельнікамі акцыі пратэсту прадпрымальнікаў 10 студзеня. Сёньня міліцыянт Аляксандар Субач адказваў на пытаньні адваката па-беларуску, але судзьдзя загадала яму гаварыць па-расейску.
Сёньня таксама дапытвалі сьведкаў з боку абвінавачаньня. Сьведка Падбярозкін, непасрэдны начальнік нібыта “пацярпелага” на акцыі прадпрымальнікаў супрацоўніка ДАІ Сычова, паведаміў, што падсудная дэмакратычная акцывістка Тацяна Цішкевіч быццам бы “агрэсіўна кідалася на супрацоўнікаў ДАІ, а таксама была ў авангардзе неўтаймаванай калёны БНФ”. Падбярозкін таксама запэўніваў, што яго зьбівалі дэманстранты.
Судзьдзя ў ходзе паседжаньня рабіла заўвагі Тацяне Цішкевіч і Міхаілу Пашкевічу за тое, што яны сьмяяліся з паказаньняў сьведкаў, пагражала выдаліць іх з залі.
Пасьля перапынку судзьдзя Ільліна пачала допыт з супрацоўніка ДАІ Аляксандра Субача. “Радыё Свабода” адзначае, что сьведка Аляксандар Субач на пытаньні, зададзеныя па-беларуску, адказваў па-беларуску, але судзьдзя Алена Ільліна загадала яму гаварыць па-расейску.
Падчас допыту Субач паведаміў, што яго ніхто ня біў, а дэманстранты не займалі усе палосы праспэкту Незалежнасьці, а рухаліся толькі па адной зь іх.
Сьведка Андрэй Шарамет, таксама супрацоўнік ДАІ, заявіў у судзе, што ў той час як дэманстранты перакрывалі праспэкт у раёне плошчы Незалежнасьці, машыну “хуткай” дапамогі яны прапускалі. Раней сьведка Абрамаў, які пераблытаў праспэкты Незалежнасьці і Пераможцаў, сьцвярджаў, што моладзь на акцыі 10 студзеня не прапускала хуткую.
Дарэчы, з дакумэнтаў, разгледжаных у судзе, вынікае, што хуткая дапамога не зафіксавала перашкод сваёй працы ў Менску ў дзень мітынгу.
Пасьля гэтых сьведчаньняў судзьдзя зачытала адміністрацыйныя пратаколы за 10-га студзеня і адмовілася разглядаць хадайніцтвы аб допыце сьведкаў з боку абароны.
Разам з тым яна прызнала, што Белтэлерадыёкампанія давала свае відэматэрыялы для КДБ. Таксама ў справе фігуруе відэа ОНТ, паведамляе “Наша ніва”.
Зараз судзьдзя аналізуе фатаграфіі акцыі з інтэрнэт-сайтаў і шукае на іх падсудных. Рыхтуюцца да прагляду відэаматэрыялы.





Фота "Наша Ніва"