BE RU EN

Міліцыянта Сычова ўдарыў іншы міліцыянт

  • 18.04.2008, 11:08

У Цэнтральным судзе Менску, дзе праходзіць “Працэс 14-ці”, праглядаюць відэаматэрыялы з акцыі прадпрымальнікаў 10 студзеня.

Заля пасяджэньняў суду Цэнтральнага раёну Менску напоўненая, у яе ўвайшлі падсудныя, іх родныя, моладзевыя актывісты, палітыкі Лявон Баршчэўскі, Вячаслаў Сіўчык і іншыя.

Падсудныя патрабуюць, каб суд выдаліў з залы спэцназ, а іх сяброў пусьцілі ў залю. Аднак тры заднія лаўку у залі суда занялі актывісты БРСМ – іх каля 20 чалавек. Судзьдзя Алена Ільіна адмовілася выдаліць актывістаў БРСМ з залі, паведаміла “Радыё Свабода”.

У судзе пачаўся прагляд відэаматэрыялаў. Нібыта пацярпелы міліцыянт Юры Сычоў папрасіў разглядаць справу без ягонай прысутнасьці. Судзьдзя адмовіла. Назіральнікі мяркуюць, што ён захваляваўся з-за таго, што працэс зацягваецца і зьявіліся супярэчнасьці ў паказаньнях сьведкаў, і ён зрабіў гэта, каб пазьбегнуць далейшых пытаньняў.

На відэазапісе бачна, як міліцыянты б’юць падсуднага актывіста Андрэя Кіма. У запаволеным паказе відэа бачна, што міліцыянта Сычова ўдарыў іншы міліцыянт. Сычоў заявіў, што момант удару Кіма не зьняты

Ля будынку суду знаходзіцца каля 20 чалавек. Да іх выйшаў міліцыянт, заявіў, што ў залі месцаў няма, заклікаў разыходзіцца і папярэдзіў пра адміністратыўную адказнасьць за несанкцыянаваную масавую акцыю.

У акцыі прадпрымальнікаў у цэнтры Менску супраць прэзыдэнцкага ўказу №760, якая адбылася 10 студзеня сёлета, бралі ўдзел ад трох да пяці тысяч чалавек. Некалькі дзясяткаў былі затрыманыя і зьбітыя. Супраць 14-ці выстаўлены крымінальныя абвінавачаньні ва ўдзеле ў масавых беспарадках. Вось іх імёны. Аляксандр Баразенка, Аляксей Бондар, Павал Вінаградаў, Максім Дашук, Арцём Дубскі, Андрэй Кім, Антон Койпіш, Міхась Крываў, Міхась Пашкевіч, Алесь Стральцоў, Міхась Субач, Уладзімір Сяргееў, Алесь Чарнышоў, Тацяна Цішкевіч.

Аляксандра Баразенку, Паўла Вінаградава, Міхаіла Субача і непаўналетняга Максіма Дашука будуць судзіць пазьней. Яны не пасьпелі своечасова азнаёміцца з матэрыяламі крымінальнай справы, таму працэс над імі перанесьлі на нявызначаны тэрмін.

Апошнія навіны