Расійская кампартыя пакліча ў старшыні Лукашэнку
- 18.04.2008, 12:16
КПРФ патрабуе спраўдзіць законнасць абрання беспартыйнага Уладзіміра Пуціна старшынём "Адзінай Расеі". У выпадку пацверджання законнасці, КПРФ збіраецца запрасіць на пасаду беспартыйнага старшыні прэзідэнта Венесуэлы Уга Чавеса альбо беларускага кіраўніка Аляксандра Лукашэнку.
Як удакладніў 18 красавіка дэпутат Дзяржаўнай думы РФ, сакратар ЦК КПРФ па прававых пытаннях Вадзім Салаўёў, запыт пра тое, ці законна абранне старшынём партыі "Адзіная Расея" беспартыйнага кандыдата, скіраваны ў Федэральную рэгістрацыйную службу, паведамляе REGNUM
"Мы таксама просім, каб рэгістрацыйная служба паказала копію паправак да статуту "Адзінай Расеі", якія былі прыняты на з'ездзе партыі, што адбыўся на гэтым тыдні", - сказаў Салаўёў. "Мы лічым, што гэтыя папраўкі супярэчаць закону "Аб палітычных партыях", - дадаў дэпутат, адзначыўшы, што такое права ў законе не прадугледжана. Салаўёў таксама звярнуў увагу на хуткасць, з якой Росрэгістрацыя зацвердзіла змены ў статут.
Па словах Салаўёва, калі змены ў статут выявяцца законнымі, то КПРФ можа таксама, па аналогіі са статутам "Адзінай Расеі", увесці пасаду ў кіраўніцтве партыі, якую мог бы заняць беспартыйны. "Мы б запрасілі на гэты пост Уга Чавеса альбо Аляксандра Лукашэнку", - сказаў Салаўёў.
Нагадаем, што падчас з'езду "Адзінай Расеі" 14-15 красавіка ў партыі была ўведзена новая пасада старшыні. На яе выбралі дзейнага прэзідэнта Уладзіміра Пуціна, а на пасаду кіраўніка вышэйшай рады зацвердзілі спікера Дзярждумы Барыса Грызлова.