Астроўскі: як загартоўвае Беларусь
- 18.04.2008, 12:46
Другі дзень у топе Яндэксу лідыруе справаздача ЖЖ-блогера Сяргея Астроўскага, які стаў ахвярай самавольства беларускіх міліцыянтаў. Ён сведчыць, што супрацоўнікі беларускага ДАІ спрабавалі вымагаць у яго хабар, і калі ім было адмоўлена, збілі расейца і сфальшавалі супраць яго справу, абвінаваціўшы ў нападзе на міліцыянта.
Арыштаваны правёў ноч у турме, пасля чаго яго судзілі і пакаралі штрафам. У судовай пастанове было напісана, што ён груба лаяўся ў грамадскім месцы, паводзіў сябе задзірліва, не рэагаваў на заўвагі міліцыі, а пасля раскаяўся, піша расейскі сайт “Избранное”.
Сяргей Астроўскі вырашыў звярнуцца ў МЗС, дзе, як ён лічыць, павінны абараніць яго правы, як грамадзяніна РФ, які зазнаў здзек з боку супрацоўнікаў праваахоўных органаў іншай дзяржавы.
Пост сабраў больш за тысячу каментароў, вялікая частка з якіх напісана для маральнай падтрымкі аўтара. Другая па колькасці група каментатараў настойвае на тым, што ў Расеі сістэма праваахоўных органаў разбэшчана яшчэ больш маштабна, чым у Беларусі.