Нямецкая студэнтка: «Я і ўявіць сабе не магла, што супрацьстаянне было такім жорсткім»
- 18.04.2008, 13:59
16 красавіка, у Дзень беларускай салідарнасці, у Берліне ў фае аднаго з карпусоў Свабоднага берлінскага ўніверсітэта адкрылася перасовачная фотавыстава «Выбары без выбара. Беларусь, сакавік 2006 года».
Як паведамляе «Нямецкая хваля», экспанатаў на выстаўцы няшмат – 22 фатаграфіі. Атрад міліцыянтаў, якія выстаўляюць заслоны, назіральнік, які сканіруе поглядам электарат ля выбарчых урнаў. Дэманстрант, які працягвае букет гваздзікаў стражу парадку, узброенаму гумовай дубінай...
Здымкі развешаныя на металічнай сетцы, нацягнутай паміж драўлянымі слупамі. Каля кожнай фатаграфіі – тэкст, урывак з дзённіка менскай журналісткі Дар’і Кастэнка. Прамозглыя сакавіцкія дні 2006-га яна правяла ў намётавым мястэчку на Кастрычніцкай плошчы Менска. Разам з калегамі, аўтарамі здымкаў: Андрэем Лянкевічам, Юліей Дарашкевіч, фатографам Якубам Даспіва.
«Мы ганарымся, што выстаўка распачалася ў сценах нашага ўніверсітэта. Уражвае не толькі дакументалізм фатаграфій і суправаджаючыя тэксты, але і сама інсталяцыя – празрысты намёк на барыкады і супрацьстаянне», - адзначыў Георг Вітэ, дырэктар Інстытута Усходняй Еўропы Свабоднага берлінскага ўніверсітэта.
Ідэя стварыць дакументальную фотавыставу аб выбарах у Беларусі нарадзілася ў трох чэскіх студэнтаў Карлаўскага ўніверсітэта ў Празе.
Экспазіцыя была гатовая да гадавіны падзеяў на Кастрычніцкай плошчы Менска. За час правядзення выстаўкі яе наведалі больш за две тысячы пражанаў. Са сталіцы Чэхіі фатаграфіі накіраваліся ў Брно, потым у Польшу і Славакію.
Водгукі першых наведвальнікаў выставы «Выбары без выбара» у Берлінскім свабодным універсітэце, былі адназначнымі: экспазіцыя ўражлівая і інфарматыўная. «Мяне цікавіць усё, што звязана з Беларуссю. Мы чулі аб тым, што выбары прэзідэнта Беларусі не адпавядалі нормам. На маю думку, гэта выдатная ідэя – перавесці гэтую інфармацыю ў глядацкія вобразы. Я і ўявіць сабе не магла,і што супрацьстаянне было такім жорсткім», - кажа адна з наведвальніц выстаўкі.
Як адзначыў адзін з наведвальнікаў выстаўкі, які практычна нічога не ведае аб Беларусі, «здымкі ашаламілі мяне, а агароджа з сеткі ўзмацніла ўражанне».
Гэтыя меркаванні сведчаць, што арганізатары выставы дасягнулі мэты: экспазіцыя прыцягнула ўвагу берлінцаў і прымусіла іх задумацца аб тым, што дыктатарскаму рэжыму няма месца ў Еўропе.