Судзьдзя выдаліла Тацяну Цішкевіч з залі за ўсмешку (Фота)
- 18.04.2008, 14:17
У Цэнтральным судзе Менску ідзе трэці дзень суду над 10 актывістамі моладзевых арганізацый за ўдзел у маніфэстацыі 10 студзеня. Перад абвяшчэньнем перапынку судзьдзя Алена Ільліна “за шматлікія папярэджаньні” выдаліла з залі суду адну з абвінавачаных Тацяну Цішкевіч.
“Мяне выдалілі з залі суду за ўсьмешкі, за некаторыя перашэптваньні з нашымі падсуднымі. Пакуль глядзелі відэматэрыялы. Гэта было вельмі забаўна і там усе таксама ўсьміхаліся. Учора судзьдзя папярэдзіла мяне і Пашкевіча, калі будзе паўторнае, як яна кажа, парушэньне. Але я і сёньня ўсьміхалася, перашэптвалася з седзячым побач Дубскім і за гэта яна мяне вырашыла выдаліць. Хаця адвакат Галіеў устаў і выказаў пратэст, што я нікому абсалютна не перашкаджала. Аднак гэта проста занесьлі у пратакол паседжаньня і на тым усё скончылася”, - распавяла Цішкевіч у інтэрвію “Радыё Свабода”.
Падсудны Аляксей Бондар заявіў ў часе перапынку на працэсе: “Мы адмаўляемся сябе ідэнтыфікаваць на паказаным у судзе відэа”.
Ён лічыць відэаматэрыялы сумнеўнымі доказамі. “Гэта нейкія кліпы, нарэзка. Матэрыялы не адлюстроўваюць віны А.Кіма, якога абвінавачваюць у тым, што ён ударыў міліцыянта. Па нашай справе там таксама няма доказаў нейкай віны. Затое бачна, што ДАІ стварала пагрозу жыцьцю грамадзян, накіроўваючы на натоўп аўтобусы”, - падкрэсьліў Бондар.
Падсудны Алесь Чарнышоў таксама перакананы: “Паказаньні сьведак-міліцыянтаў разыходзяцца з тым, што мы бачылі на відэа. Ніякага складу злачынства ў нашых дзеяньнях у паказаных відэаматэрыялах няма”.
Перад перапынкам адвакаты выказалі абурэньне тым, што відэаматэрыялы паказваюцца ў выглядзе кліпаў: з купюрамі, з пропускамі ў адлюстраваньні падзей па некалькі хвілін і нават пераблытанымі па часе эпізодамі.
Пасьля перапынку прагляд відэаматэрыялаў будзе працягуты.
У акцыі прадпрымальнікаў у цэнтры Менску супраць прэзыдэнцкага ўказу №760, якая адбылася 10 студзеня сёлета, бралі ўдзел ад трох да пяці тысяч чалавек. Некалькі дзясяткаў былі затрыманыя і зьбітыя.
Супраць 14-ці выстаўлены крымінальныя абвінавачаньні ва ўдзеле ў масавых беспарадках. Вось іх імёны. Аляксандр Баразенка, Аляксей Бондар, Павал Вінаградаў, Максім Дашук, Арцём Дубскі, Андрэй Кім, Антон Койпіш, Міхась Крываў, Міхась Пашкевіч, Алесь Стральцоў, Міхась Субач, Уладзімір Сяргееў, Алесь Чарнышоў, Тацяна Цішкевіч.
Аляксандра Баразенку, Паўла Вінаградава, Міхаіла Субача і непаўналетняга Максіма Дашука будуць судзіць пазьней. Яны не пасьпелі своечасова азнаёміцца з матэрыяламі крымінальнай справы, таму працэс над імі перанесьлі на нявызначаны тэрмін.