Затрыманы Аляксандр Мілінкевіч
- 19.04.2008, 14:56
У Мастах падчас сустрэчы з людзьмі затрыманы лідэр руху “За Свабоду” Аляксандр Мілінкевіч.
Разам зь ім у міліцыю павялі дэпутата Мастоўскага райсавета Зьміцера Кухлея й актывіста Язэпа Палубятку.
Затрыманьне адбылося падчас сустрэчы жыхароў Мастоў з Мілінкевічам, якая адбывалася ў самым цэнтры горада побач з райвыканкамам. У ёй бралі ўдзел каля 30 чалавек, паведамляе “Радыё Свабода”.
Як толькі Мілінкевіч пачаў размаўляуць зь людзьмі, міліцыянты некалькі разоў папярэдзілі праз гукаўзмацняльнік, што сустрэча несанкцыянаваная ўладамі й адбываецца з парушэньнем заканадаўства, а потым падыйшлі й прапанавалі А.Мілінкевічу, З.Кухлею і Я.Палубятку прайсьці ў райадзьдзел.
Сёньня ўначы, у вёсцы Бершты, дзе жыве А.Мілінкевіч, невядомыя ізноў пракалолі ўсе колы ў ягонай машыне, а таксама яшчэ ў трох аўтамабіляў, якія стаялі побач.
Пазаўчора такое ж адбылося ў Пінску, а ўчора ў Слоніме машыну А.Мілінкевіча аблілі фарбай.
Плянавалася, што сёньня павінна адбыцца сустрэча А.Мілінкевіча з жыхарамі Горадні.