BE RU EN

Расейскі кіроўца вінаваціць беларускіх "даішнікаў" у гвалце (Аўдыё)

  • 19.04.2008, 16:04

Грамадзянін Расеі Сяргей Астроўскі плануе падаць у суд на дзеянні супрацоўнікаў ДАІ Беларусі. Пра гэта ён паведаміў у інтэрвію БелаПАН.

Па словах С.Астроўскага, 13 красавіка ён разам з двума сябрамі ехаў у аўтамабілі па праспекце Пераможцаў у Менску. "Надвор'е была дрэннае, ішоў дождж, таму я ехаў павольна, - распавёў С.Астроўскі. - Мяне спынілі супрацоўнікі ДАІ і заявілі, што я перавысіў хуткасць на 38 км/ч. Адзін з супрацоўнікаў ДАІ прынёс радар, які паказваў, быццам тры хвіліны таму нехта ехаў з хуткасцю 98 км/г". Інспектары настаялі, каб Астроўскі сеў у машыну ДАІ для складання пратаколу.

Як сцвярджае расеец, пры складанні пратаколу аб перавышэнні хуткасці супрацоўнікі ДАІ казалі, што забраныя правы яму давядзецца забіраць у ГИБДД у Санкт-Пецярбургу, па месцы прапіскі, і што па часовых дакументах, выдадзеным замест правоў ў Беларусі, у Расеі ездзіць нельга. "Яны ўсяляк намякалі, што ўсё можна вырашыць хабарам, - сказаў С.Астроўскі. - Я у катэгарычнай форме адмовіўся і заявіў, што ў пратаколе напішу, што не згодны і што супрацоўнікі ДАІ вымагалі ў мяне хабар. У іх выцягнуліся твары, яны пачалі крычаць, што гэта ўсё паклёп. Потым старэйшы схапіў мяне за шыю і трымаў, а малодшы некалькі разоў стукнуў у правую скронь і сківіцу".

У пратаколе С.Астроўскі напісаў, што не згодны з яго зместам, што хуткасць ён не перавышаў і што ён “быў збіты” супрацоўнікамі ДАІ. У якасці сведкі ён упісаў у пратакол прозвішча свайго сябра. "Пасля гэтага даішнікі заявілі, што павязуць мяне ў РУУС афармляць пратакол за напад на супрацоўніка міліцыі", - сказаў С.Астроўскі.

Ноч С.Астроўскі правёў пад вартай, а 14 красавіка яго даставілі ў суд Цэнтральнага раёна Менска. "Суд быў цалкам фікцыйным", - сцвярджае З.Астроўскі. Яго вінавацілі ўжо па іншым пратаколе, у дробным хуліганстве (за "грубую нецэнзурную лаянку"). Па словах расейца, ён мусіў прызнаць сваю віну ў здзяйсненні дробнага хуліганства, бо ў адваротным выпадку яму пагражалі далейшым зняволеннем, а таксама неадкладна выплаціць штраф у памеры 350 тысяч рублёў.

Цяпер С.Астроўскі знаходзіцца ў Маскве. Ён абураны дзеяннямі супрацоўнікаў беларускай ДАІ і збіраецца падаць на іх у суд.

АЎДЫЁ можна праслухаць ТУТ.

Апошнія навіны