Калі вернуць арыштаваныя карціны мастаку Марачкіну?
- 2.04.2008, 9:19
Аляксей Марачкін, які адседзеў 5 сутак арышту, накіраваў ва УУС Цэнтральнага раёна Менска заяву аб вяртанні канфіскаваных у яго твораў мастацтва.
У інтэрв'ю БелаПАН мастак і грамадскі дзеяч, старшыня міжнароднага грамадскага аб'яднання "Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына" паведаміў, што гаворка ідзе пра вяртанне яго ўласнасці – карціны "Лялькі", харугваў грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны", а таксама расцяжак з рознымі тэкстамі. Сярод матываў свайго звароту ў міліцыю мастак назваў той факт, што ён не атрымаў копію пратаколу з пералікам усіх прац, канфіскаваных падчас ператрусу ў яго майстэрні.
"Я пісьмова выказаў усе акалічнасці, звязаныя з падзеямі 24 сакавіка, калі супрацоўнікі сілавых структур позна ўвечары пазапраўна ўварваліся ў маю майстэрню, правялі несанкцыянаваны ператрус і канфіскацыю маіх твораў, большасць з якіх прызначалася для афармлення калоны ўдзельнікаў шэсця ад будынка прэзідыума НАНБ да плошчы Бангалор, запланаванага на 25 сакавіка. Я нагадаў, што гэтае шэсце, прысвечанае 90-годдзю абвяшчэння БНР, было дазволенае ўладамі. Акрамя таго, я адзначыў, што карціна "Лялькі", якая выстаўлялася раней, у момант арышту знаходзілася ў маёй прыватнай калекцыі твораў нонканфармізму, а не на публічным аглядзе", – сказаў А.Марачкін.
Паводле яго слоў, падчас арышту твораў прадстаўнікі сілавых структур заявілі, што цягам 10 дзён яны зробяць заключэнне наконт зместу канфіскаваных маляўнічых і графічных прац. Мастак выказаў надзею, што прадстаўнікі праваахоўных органаў вернуць творы, якія яму належаць.
Нагадаем, паводле абвінавачвання ў брыдкаслоўі і аказанні супраціву прадстаўнікам сілавых структур на падставе іх жа сведчанняў А.Марачкін з 24 па 29 сакавіка быў заключаны пад адміністрацыйны арышт.