BE RU EN

Сяргей Парсюкевіч: Праўда мацнейшая і перамога будзе за намі

  • 2.04.2008, 12:06

У Камітэт абароны рэпрэсаваных “Салідарнасць” прыйшоў ліст ад віцебскага прадпрымальніка, палітвязня Сяргея Парсюкевіча.

Сяргей дзякуе ўсім, хто піша яму лісты, за маральную падтрымку. Паводле яго словаў, любая інфармацыя з волі для таго, хто знаходзіцца за кратамі, мае асаблівае значэнне, а падтрымку сяброў і сваякоў пераацаніць немагчыма.

На думку Сяргея, існуючы рэжым зараз абапіраецца толькі на жорсткія рэпрэсіі, бо ён вычарпаў усе іншыя сродкі для таго, каб працягнуць сваё існаванне. Аднак падтрымка ўладаў змяншаецца з кожным днём і хутка цярпенне людзей падыдзе да мяжы.

“Бог не павінен пакінуць нашу краіну. Праўда мацнейшая і перамога будзе за намі”, – завяршае свой ліст Сяргей Парсюкевіч.

Ён таксама просіць з лістамі да яго дасылаць пустыя капэрты.

Нагадаем, Сяргей Парсюкевіч зараз знаходзіцца ў следчым ізалятары на вул. Валадарскага па крымінальнай справе, заведзенай на яго за нібыта збіццё ахоўніка падчас адбыцця адміністрацыйнага арышту за ўдзел у акцыі прадпрымальнікаў 10 студзеня.

31 сакавіка справа была перададзена ў Маскоўскі суд Менска, але дата разгляду яшчэ не прызначаная.

Фота by.milinkevich.org

Апошнія навіны