Прадстаўнік НАТО: мы ня маем намеру запрашаць на саміт Лукашэнку
- 2.04.2008, 15:59
МЗС Беларусі сёньня выступіў з заявай аб тым, што Беларусь адмаўляецца ад удзелу ў саміце Рады Паўночнаатлянтычнага партнэрства, які адбудзецца 3 красавіка ў Бухарэсьце.
Сустрэча мае прайсьці ў Бухарэсьце заўтра на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў ці ўрадаў краінаў-сябраў Рады Паўночнаатлянтычнага партнэрства ў форме рабочага абеду. Рада Эўраатлянтычнага партнэрства — кансультатыўны орган у справах бясьпекі ў рэгіёне.
Прычына дэмаршу МЗС Беларусі ў тым, што на сустрэчы ў Бухарэсьце ня хочуць бачыць Аляксандра Лукашэнку.
На заўтрашнім саміце Рады Паўночнаатлянтычнага партнэрства ў Бухарэсьце спадара Лукашэнку, сапраўды, не чакаюць, пацьвердзіў “Радыё Свабода” намесьнік прэсавага сакратара НАТО Робэрт Пшчэл:
“Не патрэбна ніякага пацьверджаньня, гэта зусім не сакрэт, што ў НАТО няма намераў запрашаць на саміт Аляксандра Лукашэнку ў сувязі зь незахаваньнем ім дэмакратычных стандартаў у Беларусі”.
Намесьнік старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка лічыць рашэньне НАТО панізіць узровень прадстаўніцтва Беларусі на саміце ў Бухарэсьце цалкам лягічным, адпаведным эўраатлянтычнай палітыцы адносна Беларусі:
“Гэта само сабой зразумела, гэта абсалютна натуральна, Лукашэнку не павінна быць дарогі на любую дэмакратычную зямлю. Ёсьць тут, на жаль, толькі адно выключэньне — ААН”.
Вінцук Вячорка згадвае, што нядаўна ў Беларусь прыяжджалі экспэрты НАТО, якія высьвятлялі агульную сытуацыю і гатовасьць афіцыйнага Менску супрацоўнічаць з НАТО. Вінцук Вячорка сустракаўся зь імі і казаў, што паколькі беларускае войска не заангажаванае ў рэпрэсіўную машыну, то НАТО трэба падтрымліваць зь ім кантакты. Але апошнім часам сытуацыя пачала мяняцца:
“Апошнія падзеі, зьвязаныя з выкарыстаньнем арміі як рэпрэсіўнага мэханізму, — справа Жалезьнічэнкі, пагрозы забіраць у войска тых маладых людзей, якіх бяспраўна выкідаюць з унівэрсытэтаў, — яны паказваюць, што, на жаль, цяпер кіраўніцтва Міністэрства абароны паддалося гэтаму ціску з боку кіраўніцтва дзяржавы, адыйшло ад прынцыпу неўмяшаньня арміі ў рэпрэсіўную палітыку. І тут блёк НАТО павінен свае высновы рабіць. І ў гэтым сэнсе зьніжэньне ўзроўню прадстаўніцтва выглядае лягічна”, падкрэсьліў Вінцук Вячорка.