«Коммерсант»: У Менску спадчынай Бадры Патаркацышвілі зоймуцца псіхіятры
- 21.04.2008, 9:37
У канцы мінулага тыдня з СІЗА КДБ Беларусі ў псіхіятрычную клініку быў пераведзены амерыканскі адвакат 54-гадовы Эмануіл Зэльцэр, абвінавачаны ў падробцы дакументаў.
Зэльцэр, які ўдзельнічае ў змаганні за спадчыну памерлага алігарха Бадры Патаркацышвілі, па афіцыйных звестках, праходзіць у лякарні экспертызу. Сваякі юрыста не выключаюць, што перавод з’яўляецца чарговай спробай ціску на яго, піша газета "Коммерсант".
Эмануіл Зэльцэр - адвакат Джозафа Кея - стрыечнага брата Бадры Патаркацышвілі, прэтэндэнта на спадчыну памерлага 12 лютага гэтага году ў Вялікабрытаніі грузінскага алігарха. 12 сакавіка адвакат, які прыляцеў у Менск, каб разабрацца з мясцовымі актывамі спадара Патаркацышвілі, быў затрыманы супрацоўнікамі беларускага КДБ і змешчаны ў турму спецслужбаў. Там яму хутка высунулі абвінавачанне ў падробцы дакументаў. Паводле версіі следства, у наўтбуку юрыста мелася копія тэстаменту Бадры Патаркацышвілі, згодна з якім Джозафу Кею і Эмануілу Зэльцэру даручалася сабраць з усяго свету актывы алігарха і размеркаваць іх паміж сваякамі, а таксама даверанасць на кіраванне гэтымі актывамі. У Менск спадар Зэльцэр прыляцеў з Лондану на самалёце, дадзеным палітэмігрантам Барысам Беразоўскім. Крыху раней адвакаты спадара Беразоўскага, якія таксама абараняюць інтарэсы ўдавы Бадры Патаркацышвілі Іны Гудавадзэ, звярнуліся да ўладаў Беларусі і іншых краінаў з лістамі, дзе паведамлялася, што тэстамент і даверанасць, карыстаныя спадаром Зэльцэрам, фальшывыя.
У канцы мінулага тыдня ад брата Эмануіла Зэльцэра Марка, жыхара ЗША, стала вядома, што зняволенага юрыста даслалі з СІЗА у псіхіятрычнае аддзяленне Рэспубліканскай клінічнай лякарні (пасёлак Навінкі пад Менскам). Прэс-сакратар КДБ Беларусі Валерый Надтачаеў каментаваць перавод адмовіўся, спаслаўшыся на інтарэсы следства. У самой лякарні паведамілі, што следчы, які вядзе справу спадара Зэльцэра, прызначыў правядзенне судова-псіхіятрычнай экспертызы падазраванага. На пытанне пра тое, колькі часу Эмануіл Зэльцэр правядзе ў клініцы, лекары адказаць не змаглі.
Тым часам Марк Зэльцэр лічыць, што перавод брата ў лякарню можа згубна паўплываць на яго здароўе. "Пасадзілі здаровага чалавека ў вар’ятню. Сказалі, што жадаюць правесці нейкія медыцынскія даследаванні. У савецкія часы, калі звычайныя катаванні не дапамагалі, КДБ таксама змяшчаў людзей у вар’ятню",- адзначыў Марк Зэльцэр. Па словах Марка Зэльцэра, яго брат мае хранічныя захворванні. "Яму даюць нейкія лекі, але не тое, што трэба. Не даюць тых, што мы яму даслалі, а іншыя ён баіцца прымаць, пагатоў у вар’ятні",- кажа Марк Зэльцэр. Ён не выключае, што, дасылаючы яго брата ў клініку, следчыя дамагаюцца, каб Эмануіл Зэльцэр прызнаў, што гэта менавіта ён падрабіў тэстамент і даверанасць.
14 красавіка дзярждэпартамент ЗША выступіў з заявай, у якой заклікаў беларускія ўлады выконваць свае міжнародныя абавязкі і дазволіць падследнаму Зэльцэру рэгулярныя сустрэчы з прадстаўніком амбасады ЗША ў Менску. Аднак пакуль вядома толькі пра адну такую сустрэчу, што адбылася ў канцы сакавіка.