Грошы ідуць міма Лукашэнкі
- 21.04.2008, 11:04
Былы палітвязень, доктар медыцынскіх навук Юры Бандажэўскі плануе змяніць кірунак фінансавых плыняў еўрапейскай дапамогі Беларусі на ліквідацыю наступстваў чарнобыльскай аварыі і атрымаў у гэтым падтрымку еўрадэпутатаў.
Нагадаем, недзяржаўныя медыі Беларусі перад выходнымі паведамілі, што ў Еўрапарламенце адбылася канферэнцыя, на якой вялося пра палітыку Беларусі ў справе ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. У дэкларацыі, прынятай па выніках абмеркавання, гаворыцца, што Еўропа мусіць дапамагаць Беларусі ў гэтым, але без супрацы з уладай. Неабходна, каб дапамога ішла па альтэрнатыўных каналах, каб пазбегнуць злоўжыванняў, піша расейская " Независимая газета".
Падчас дыскусіі прагучала, што беларусы не валодаюць праўдзівай інфармацыяй пра стан рэчаў у чарнобыльскіх раёнах і наступствы аварыі, а пацярпелыя не атрымліваюць належных сацыяльных гарантый і медыцынскай дапамогі. Для выпраўлення сітуацыі было прапанавана зарганізаваць у суседняй Літве міжнародны навукова-даследчы цэнтр "Экалогія і здароўе", а таксама міжнародны сіндыкат дапамогі ліквідатарам.
Як бачна з паведамленняў, ініцыятарам абмеркавання чарнобыльскага пытання ў дачыненні да Беларусі стаў доктар медыцынскіх навук прафесар Юры Бандажэўскі. Да 2001 году ён быў рэктарам Гомельскага медыцынскага інстытуту і займаўся вывучэннем уплыву малых дозаў радыяцыі на здароўе чалавека. Аўтар больш чым 200 прац на гэтую тэму, ён сцвярджаў, што ўлады Беларусі змяншаюць наступствы аварыі. У 1999 годзе Бандажэўскі быў арыштаваны, а ў 2001-м суд прызнаў яго вінаватым у атрыманні хабару і прысудзіў да васьмі гадоў зняволення. Пасля датэрмінова-умоўнага вызвалення ён працаваў у Францыі, пасля перабраўся ў Літву. "Міжнародная амністыя" прызнала яго вязнем сумлення. Бандажэўскі з'яўляецца ўладальнікам пашпарта волі, які дазваляе яму жыць у любой дзяржаве ЕС. Менавіта ён актыўна ўздымае чарнобыльскую тэму, бо лічыць, што з цягам часу яна робіцца несправядліва забытай.
У лютым гэтага году Юры Бандажэўскі даслаў у беларускія медыі адкрыты ліст. У ім ён сцвярджаў, што здароўе нацыі ў небяспецы з-за безадказнасці ўладаў: беларусы працягваюць атрымліваць радыяцыю з ежай, што вядзе да росту колькасці сэрцава-судзінных захворванняў.
Ужо тады ён паведамляў, што Еўрапарламент ухваліў яго ідэю па стварэнні навукова-даследчага цэнтру экалогіі і здароўя. Цэнтр мусіць працягнуць вывучэнне ўплыву радыяцыі на арганізм чалавека і распрацаваць пэўныя захады для развязання наяўных праблем. Тады ж вялося, што ўрад Літвы не пярэчыць супраць яго размяшчэння ў Вільнюсе.