Адвакат Аляксандр Галіеў: «Паказаньні некаторых сьведкаў больш нагадвалі словы вясковых агітатараў»
- 21.04.2008, 14:58
У судзе Цэнтральнага раёну Менска, дзе праходзіць працэс па справе ўдзельнікаў акцыі пратэста прадпрымальнікаў, выступілі адвакаты Аляксандар Галіеў, Сьвятлана Гарбаток і Тамара Сідарэнка.
Аляксандар Галіеў сказаў, што паказаньні некаторых сьведкаў больш нагадвалі словы вясковых агітатараў, якія начыталіся «Савецкай Беларусіі». Ён заявіў, што відэаматэрыялы былі сумніўнымі, бо складаліся з «нарэзкі кліпаў». На думку адваката, такія строгія прысуды служаць для таго, каб запалохаць, каб маладзёны не вылучаліся з шэрай масы згодных. Адвакат таксама сказаў, што абвінаваўчы прысуд у гэтай справе яшчэ раз адкіне Беларусь у разьвіцьці ад нашых суседзяў. Але, як вобразна выразіўся Галіеў, усё адно «белае заўсёды перамагае шэрае», паведаміла “Наша Ніва”.
Адвакат папрасіў суд вынесьці апраўдальны прысуд сваім падабаронным. Адвакатка Андрэя Кіма Тамара Сідарэнка заявіла, што справа выглядае зрэжысэраванай, пачынаючы ад выбару абвінавачаных, сканчаючы адмовай запускаць у залю сваякоў і блізкіх фігурантаў справы. Яна зьвярнула ўвагу, што Кім ужо быў пакараны за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі, і яна ня бачыць падстаў караць яго яшчэ раз за адзін і той жа учынак.
Адвакат Сьвятлана Гарбаток у сваім выступе зазначыла, што сьведкі-міліцыянты гаварылі агулам, а не пра дзеяньні канкрэтных асоб: “Каштоўнасьць іх паказаньняў імкнецца да нуля, паколькі яны гаварылі аб натоўпе і ніхто не казаў пра групу, якая ачольвала калёну. Ніхто са сьведкаў не пазнаў Стральцова, а Койпіша – толькі адзін... Невядома, якія падзеі меў на ўвазе намесьнік кіраўніка ДАІ Падбярозкін – 10 ці 21 студзеня. Падбярозкін – чалавек з багатым уяўленьнем, але ягоныя словы ня могуць быць пакладзеныя ў аснову прыгавору”. Яна таксама заявіла, што відэа, агледжанае ў судзе, здабытае з парушэньнем правіл збору доказаў, здымкі з КДБ не аформленыя належным чынам, на відэа адсутнічаюць індывідуальныя прыкметы, паведаміла “Радыё Свабода”.