BE RU EN

Аляксандр Макаеў: «Пракурор выконвае замову ўладаў»

  • 21.04.2008, 15:09

«Незалежнага суда ў нас няма. Пракурор і суддзя выконваюць замову ўладаў», - заявіў прэс-цэнтру Хартыі’97 адзін з лідэраў прадпрымальнікаў Аляксандр Макаеў, каментуючы патрабаванне пракурора на «Працэсе 14-ці».

Нагадаем, што пракурор за ўдзел у студзеньскай акцыі пратэсту прадпрымальнікаў патрабаваў для моладзевых актывістаў жорсткага пакарання ў выглядзе пазбаўлення і абмежавання волі.

Макаеў лічыць, што паводзіны суддзі на працэсе такія, што пракурору там проста няма чаго рабіць. «Довады адвакатаў і саміх абвінавачаных ніяк не ўлічваліся, іх хадайніцтвы практычна заўсёды адхілялі, а суддзя Ільіна паводзіла сябе пад час працэсу недазваляльна для яе статуса. Можна было б хаця б рабіць выгляд, што суд бесстаронні, але не было нават гэтай бачнасці, што толькі сцвярджае, што «Працэс 14-ці» адкрыта палітычны», - кажа прадпрымальнік.

Па ягоных словах, падчас суда не прагучала ніякіх доказаў віны падсудных, наадварот, справа практычна развальвалася, таму і патрабаванне пракурора не было максімальным. «Пры такіх «доказах» прысуд павінен быць апраўдальным, але я лічу, што ён будзе хаця б больш мяккім. У прыватнасці, калі б Андрэю Кіму залічылі той час, што ён ужо адбыў за кратамі, а астатнім прысудзілі штрафы, гэта ўжо магло б лічыцца перамогай», - лічыць прадпрымальнік.

Пры гэтым Макаеў падкрэсліў, што «Працэс 14-ці» - беспрэцэдэнтны ў найноўшай беларускай гісторыі, і тое, якімі прысудамі ён скончыцца, будзе сведчыць, у якім накірунку вядзе нашу краіну цяперашняя ўлада: да поўнай ізаляцыі і таталітарызму, або да дэмакратыі і паляпшэння адносінаў з цывілізаванымі краінамі.

Сёння на «Працэсе 14-ці», які адбываецца чацверты дзень у Цэнтральным судзе Менску, пракурор Рамашэўскі патрабаваў 2 гады пазбаўлення волі для Андрэя Кіма, па 2,5 гады абмежавання волі для М.Пашкевіча, А.Дубскага і А.Бондара, па 2 гады выпраўленчых работ па месцы іх працаўладкавання для астатніх абвінавачаных.

У акцыі прадпрымальнікаў у цэнтры Менску супраць прэзідэнцкага ўказа №760, якая адбылася 10 студзеня бягучага года, прымалі ўдзел ад трох да пяці тысяч чалавек. Некалькі дзесяткаў былі затрыманыя і збітыя.

Супраць 14-ці высунутыя абвінавачванні ва ўдзеле ў масавых беспарадках. Сёння судзяць Аляксея Бондара, Арцёма Дубскага, Андрэя Кіма, Антона Койпіша, Міхаіла Крывава, Міхаіла Пашкевіча, Алеся Стральцова, Уладзіміра Сяргеева, Алеся Чарнышова, Таццяну Цішкевіч.

Аляксандра Баразенку, Паўла Вінаградава, Міхаіла Субача і непаўнагадовага Максіма Дашука будуць судзіць пазней. Яны не паспелі своечасова азнаёміцца з матэрыяламі крымінальнай справы, таму працэс над імі перанеслі на няпэўны час.

Апошнія навіны