BE RU EN

«Працэс 14-ці»: прысуд будзе агучаны 22 красавіка

  • 21.04.2008, 17:46

Чацверты дзень самага гучнага палітычнага суду -- «Працэса 14-ці»-- скончыўся апошнім словам, зь якім выступілі падсудныя. Пасля гэтага судзьдзя Алена Ільліна абвесьціла перапынак. Прысуд будзе агучаны 22 красавіка ў 11.00 ў Цэнтральным судзе Менску. Нагадаем, сёньня ў судзе пракурор запатрабаваў 2 гады пазбаўленьня волі для Андрэя Кіма и абмежаванне волі і папраўчыя работы для астатніх падсудных.

Выступаючы з апошнім словам, падсудны Міхась Пашкевіч сказаў пра паказаньні сьведкі з боку абвінавачаньня, намесніка начальніка ДАІ Менска М. Падбярозкіна, які назваў акцыю прадпрымальнікаў «вакханаліей» і заявіў, што яго зьбівалі дэманстранты: “Трэба сачыць за сваімі словамі. Нормы міжнароднага права вышэйшыя за законы пра правядзеньне мітынгаў і шэсьцяў. Людзі павінны мець права зьбірацца і выказваць свае думкі”.

Гэтыя словы прысутныя ў залі паплечнікі, сваякі і сябры падсудных сустрэлі аплядысмэнтамі. Аднак судзьдзя папярэдзіла: яшчэ раз пачуюцца аплядысмэнты, усе будуць выдаленыя з залі суда, паведамляе “Радыё Свабода”.

У сваім апошнім слове моладзевы актывіст Уладзімер Сяргееў назваў масавымі беспарадкамі не тое, што адбылося ў Менску 10 студзеня, а тое, што адбываецца ў краіне апошнія 14 гадоў.

Алесь Стральцоў, прамаўляючы апошняе слова, зазначыў, што “выхад дэманстрантаў на праспэкт Незалежнасьці быў справакаваны міліцыяй... Людзі хацелі зьвярнуцца да Лукашэнкі, а не да мінакоў”. Разам з тым Стральцоў зьвінаваціў пацярпелага супрацоўніка ДАІ Юрыя Сычова, які гумовым дручком тыкаў у дэманстрантаў. Стральцоў таксама нагадаў пра прэзумпцыю невінаватасьці, заўважыўшы, што няма канкрэтных доказаў віны падсудных.

Алесь Чарнышоў не прызнаў сябе вінаватым і выказаў спадзеў на аб’ектыўны разгляд справы. “Я кіраваўся правам, якое дае мне Канстытуцыя”, - сказаў юнак, выступаючы з апошнім словам.

Міхась Крываў у апошнім слове назваў працэс ганьбай для краіны, якая ў ХХІ стагодзьдзі прэтэндуе на званьне эўрапейскай дзяржавы. А ягоны тэзіс “Таталітарная сыстэма наступае ў тых народаў, якія ня цэняць свабоды” зноў выклікаў аплядысменты прысутных.

Пасьля гэтага судзьдзя Ільліна выдаліла з залі Анатоля Лябедзьку, Аляксандра Атрошчанкава з жонкай, а таксама актывіста “Ініцыятывы” Валянціна Сакалоўскага.

Аляксей Бондар выказаў гонар тым, што знаходзіцца сярод падсудных, а Тацяна Цішкевіч заўважыла, што беларуская прававая сыстэма скацілася да савецкіх палітычных працэсаў 20-30-гадоў. “У залі паседжаньняў творыцца цырк, а па-за ім – бясчынства”, - заявіла Цішкевіч у сваім апошнім слове.

Арцём Дубскі, выступаючы ў судзе, патлумачыў, што людзі выйшлі на плошчу, бо ім увесь час для мітынгаў прапануюць сабачую пляцоўку. І ўвогуле, на думку Арцёма, суд нагадвае абароннае прадпрыемства са спэцыяльным прапускным рэжымам. "Суд палітызаваны і мае канкрэтных заказчыкаў", - выказаў упэўненасьць моладзевы актывіст.

Антон Койпіш прааналізаваў лёзунгі, пад якімі прадпрымальнікі выйшлі на мітынг, заявіўшы ў апошнім слове, што “ніводзін зь іх не зьяўляецца антыдзяржаўным”. Па словах падсуднага, дзеяньні дэманстрантаў 10 студзеня былі куды больш маральнымі, чым гэты суд.

Апошнім выступаў у судзе моладзевы актывіст Андрэй Кім, які знаходзіцца пад вартай яшчэ ад 21 студзеня. Ён заявіў у апошнім слове, што не вінаваты і выказаў спадзеў на справядлівы прысуд, паведамляе “Наша Ніва”.

“Мая невінаватасьць была цалкам даказаная ў судзе адвакатамі і відэамэтэрыяламі. Які сэнс быў перад дзясяткам відэакамэр і фотаапаратаў наносіць удар незнаёмаму чалавеку?”, - падкрэсьліў Кім.

Пасьля выступу Андрэя Кіма судзьдзя Алена Ільліна абвесьціла перапынак да 11 гадзін аўторка, калі будзе абвешчаны прысуд.

Нагадаем, сёньня ў судзе пракурор Рамашэўскі запатрабаваў 2 гады пазбаўленьня волі для Андрэя Кіма, якога вінавацяць у “гвалтоўных дзеяньнях супраць супрацоўніка міліцыі”, па 2,5 гады абмежаваньня волі М. Пашкевічу, А. Дубскаму і А. Бондару, па 2 гады папраўчых працаў па месцы іх працаўладкаваньня для астатніх падсудных.

У акцыі прадпрымальнікаў у цэнтры Менску супраць прэзідэнцкага ўказа №760, якая адбылася 10 студзеня бягучага года, прымалі ўдзел ад трох да пяці тысяч чалавек. Некалькі дзесяткаў былі затрыманыя і збітыя.

Супраць 14-ці высунутыя абвінавачванні ва ўдзеле ў масавых беспарадках. Сёння судзяць Аляксея Бондара, Арцёма Дубскага, Андрэя Кіма, Антона Койпіша, Міхаіла Крывава, Міхаіла Пашкевіча, Алеся Стральцова, Уладзіміра Сяргеева, Алеся Чарнышова, Таццяну Цішкевіч.

Аляксандра Баразенку, Паўла Вінаградава, Міхаіла Субача і непаўнагадовага Максіма Дашука будуць судзіць пазней. Яны не паспелі своечасова азнаёміцца з матэрыяламі крымінальнай справы, таму працэс над імі перанеслі на няпэўны час.

Апошнія навіны