«Белтэлекам» знізіў кошт доступу ў інтэрнэт на 15%
- 22.04.2008, 8:39
Як паведаміла БелаПАН прэс-служба кампаніі, РУП "Белтэлекам" 21 красавіка на 15% знізіла кошт доступу да сеткі Інтэрнэт для нацыянальных пастаўцаў сеціўных паслуг, юрыдычных асобаў і індывідуальных прадпрымальнікаў.
Па звестках Міністэрства сувязі і інфарматызацыі, доступ у інтэрнэт як па камутаваных, так і па вылучаных лініях сувязі, прапануюць больш за 150 аператараў электрасувязі. Колькасць інтэрнэт-карыстальнікаў у Беларусі перавышае 2,7 млн. Карыстальнікамі паслуг шырокапалоснага доступу ў інтэрнэт з'яўляюцца больш за 170 тыс. чалавек.
Даведка БелаПАН. Рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства электрасувязі "Белтэлекам" створана 3 ліпеня 1995 года. Здзяйсняе перадачу звестак па камутаванай сетцы агульнага карыстання, доступ да міжнародных і беларускіх рэсурсаў інтэрнэту, дае ў карыстанне міжнародныя лічбавыя плыні і каналы практычна любой ёмістасці, а таксама забяспечвае роўныя ўмовы працы аператараў мабільнай сувязі Беларусі праз іх падлучэнне да міжнароднай станцыі, дае міжгародні і міжнародны роўмінг.