BE RU EN

Прыбытковы бізнэс дзяржавы

  • 22.04.2008, 9:44

Падчас уступнай кампаніі кожны тэст стане абітурыенту ў 10 тысяч рублёў. Сума за "уваходны квіток" у ВНУ здаецца невялікай. Але…Калі памножыць гэтую суму на колькасць тэстаў і абітурыентаў, то атрымліваецца палова ад запланаваных у бюджэце на 2008 год выдаткаў на дашкольную адукацыю.

Каб прыкінуць, колькі дзяржава зможа сабраць з абітурыентаў, звернемся да леташняй статыстыкі цэнтралізаванага тэставання. Па афіцыйных звестках, ва ўступнай кампаніі мінулага года 195 тысяч удзельнікаў цэнтралізаванага тэставання выканалі агулам 512,7 тыс. тэстаў, паведамляе «Завтра твоей страны».

Праўда, у ліпені мінулага года Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў (РІКВ), адказны за правядзенне тэстаў, даваў крыху іншыя лічбы - паведамлялася, што колькасць чалавекатэстаў па 14 прадметах у агульнай суме склала 558 тыс. 899.

Сёлета, дзякуючы зменам у правілах прыёму, колькасць чалавекатэстаў павялічыцца, бо практычна на ўсе спецыяльнасці трэба будзе здаваць тры тэсты, апрача таго, ужо вядома, што на тысячу павялічыцца колькасць уступных месцаў.

Праўда, варта ўлічыць, што не ўсё тэставаныя будуць плаціць за тэсты. Згодна з пастановай Саўміну, ад платы за тэставанне вызваляюцца дзеці-сіроты, дзеці, пакінутыя без бацькоўскай апекі, дзеці-інваліды ў веку да 18 гадоў, асобы з анкалагічнымі захворваннямі ці сухотамі, абітурыенты з сем'яў вайскоўцаў ці сем'яў працоўных і чыноўнікаў, загінулых (памерлых) або стаўшых інвалідамі пры выкананні воінскага ці службовага абавязку, а таксама абітурыенты з сем'яў, у якіх гадуецца тры і болей непаўнагадовых дзяцей. Таксама не будуць плаціць за рэгістрацыю інваліды I і II групы, апрача асобаў, інваліднасць якіх узнікла ў выніку іх супрацьпраўных дзеянняў, з прычыны алкагольнага, наркатычнага, таксічнага ап'янення, членашкодніцтва.

Так ці інакш, але колькасць платных чалавекатэстаў у гэтым годзе складзе ніяк не менш за 500 тысяч, а магчыма, і значна болей (калі арыентавацца на першапачатковыя лічбы РІКВ). Памножыўшы гэта на 10 тысяч беларускіх рублёў, маем 5 мільярдаў. Шмат гэта ці мала?

Калі лічыць ад сумы, запланаванай у бюджэце гэтага года на адукацыю, а гэта пад 1,3 трлн. рублёў, то быццам бы капейкі - менш за палову адсотка. Ад грошай, запланаваных на вышэйшую адукацыю і адукацыю пасля ВНУ (а грошы ад тэстаў "зваляцца" на пазабюджэтныя рахункі ВНУ), таксама быццам бы крыху - 0,6%.

З іншага боку, 5 млрд. рублёў - гэта палова ад запланаваных у бюджэце на 2008 год выдаткаў на дашкольную адукацыю (10 млрд. рублёў) і больш чым чвэрць выдаткаў на сярэднюю (18 млрд.). У дадатак, гэта 1/5 выдаткаў на забеспячэнне правядзення выбараў і рэферэндумаў (а сёлета пройдуць выбары), крыху меней за чвэрць фонду на ліквідацыю наступстваў стыхійных бедстваў, катастрофаў, палова бюджэтных сродкаў, дадзеных на прыродаахоўную дзейнасць.

Гэтая сума ў 1,7 разоў перавышае выдаткі бюджэту на турызм, і ў 7 раз - на развіццё прадпрымальніцкай дзейнасці. За 5 мільярдаў у нашай краіне цэлы год можа існаваць Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі (для дзейнасці міністэрства ў бюджэце адведзена 4,45 млрд. рублёў) і як мінімум паўтары гады можна было б фінансаваць канцэрн "Белбіяфарм" (2,8 млрд. рублёў на 2008 год).

Калі параўноўваць з некаторымі артыкуламі прыбыткаў бюджэту, то ад розных рэгістрацыйных унёскаў бюджэт разлічвае атрымаць у гэтым годзе каля 10 млрд, гэта значыць усяго ўдвая болей, чым ВНУ ад абітурыентаў, а ад здацця ў арэнду належных дзяржаве зямельных надзелаў - удвая менш, усяго 2,1 млрд. І нават калі сюды прыплюсаваць прыбыткі ад продажу тых самых належных дзяржаве зямельных надзелаў (яшчэ 1,9 млрд. рублёў), то ўсё роўна на абітурыентах можна зарабіць больш.

Што да выдаткаў саміх будучых студэнтаў, то тры тэсты адзінага дзіцяці для сям'і з трох чалавек, што жывуць у двухпакаёвай кватэры - гэта траціна аплаты жыллёва-камунальных паслуг на месяц,. А калі дзіця схоча прайсці яшчэ і рэпетыцыйнае тэставанне (па 16.100 рублёў за кожны тэст), то сума можа дасягнуць поўнай аплаты ЖКП на сям'ю. А шмат каму ж яшчэ трэба дабрацца да цэнтра тэставання - далёка не ўсе жывуць у гарадах, і за дарогу ім ніхто кампенсацыі не прапануе. А ўжо пра вучэбныя дапаможнікі, ручкі, сшыткі можна было б і зусім прамаўчаць, але рэч у тым, што як раз ВНУ пра гэта не забываюць.

Як распавёў у інтэрвію БелТА дырэктар РІКВ Мікалай Фяськоў, сродкі, атрыманыя ВНУ ў якасці платы за тэставанне, "будуць выдаткоўвацца дакладна па мэтавым прызначэнні": на аплату працы асобаў, занятых арганізацыяй і здзяйсненнем ЦТ, канцылярскія, гаспадарчыя і выпраўныя выдаткі, камунальныя, транспартныя паслугі, паслугі сувязі, звязаныя са здзяйсненнем выпрабавання, на развіццё і ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы, выкарыстанай пры здзяйсненні тэставання.

Цікава, якую матэрыяльна-тэхнічную базу для тэставання будуць развіваць ВНУ, калі абітурыент падчас тэсту проста сядзіць за сталом і запаўняе тэст сваёй ручкай. Між тым, усё тыя ж 5 млрд. рублёў цалкам пакрываюць выдаткі бюджэту на гэты год на праграму "Комплексная інфарматызацыя сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь на 2007-2010 гады" (4, 79 млрд. рублёў).

Гэта значыць, калі б плата ад тэставання мэтава ішла на комплексную інфарматызацыю прынамсі ВНУ, то, магчыма, праз пару гадоў ужо можна было б аўтаматызаваць і самі тэсты, каб абітурыент адразу ўносіў адказы ў кампутар. А ВНУ не давялося б марнаваць грошы на транспарт і загадкавыя выправы пры арганізацыі тэставання - можна было б усё рабіць праз Інтэрнэт.

Між тым, грошы на правядзенне тэставання ў ВНУ і так ёсць, бо іх пазабюджэтная дзейнасць у сувязі з тэставаннем надзвычай разнастайная. Апрача рэпетыцыйнага тэставання, якое сёлета ладзіцца ў 3 этапы, і ў кожным з іх абітурыенты могуць папрактыкавацца на трох тэстах (гэта значыць максімальна з аднаго чалавека можна атрымаць 16.100Х9 - амаль 145 тысяч рублёў), ВНУ актыўна ладзяць курсы па падрыхтоўцы да гэтага тэставання, а таксама выпускаюць плойму кніг і дапаможнікаў з той самай мэтай.

Удала дадаецца ў карціну прыбытковага бізнэсу пад назвай "адукацыя" у нашай краіне той факт, што больш за палову студэнтаў у нас вучыцца на платнай аснове. Як распавёў на мінулым тыдні намміністра адукацыі Аляксандр Жук у гутарцы з карэспандэнтам БелТА, у 2008/2009 навучальным годзе запланавана прыняць у ВНУ 81,2 тыс. чалавек. З іх на бюджэтнай аснове навучацца будуць 31,2 тыс. чалавек. Плаціць за навучанне будуць 50 тыс. першакурснікаў - гэта значыць больш за 60%.

Не варта забываць і пра новы артыкул прыбытку – вяртанне платы за навучанне тых бюджэтнікаў, якія не схацелі скарыстацца размеркаваннем. Але гэтыя грошы ўвогуле яшчэ ніхто не лічыў.

Апошнія навіны