BE RU EN

Мінтранс пазбавіў ліцэнзій на аўтаперавозкі 17 кампаній

  • 22.04.2008, 10:35

Міністэрства транспарту і камунікацый Беларусі ў студзені-сакавіку 2008 года за парушэнне правілаў ажыццяўлення транспартнай дзейнасці скасавала ліцэнзіі 17 суб'ектаў гаспадарання, паведамілі "Інтэрфаксу" у міністэрстве.

"Па матэрыялах праверак Транспартнай інспекцыі з пачатку года скасавана 17 ліцэнзій, прыпынена дзеянне 4 ліцэнзій. Толькі за сакавік скасавана 4 ліцэнзіі", - сказалі адмыслоўцы.

Па іх звестках, у сакавіку Транспартнай інспекцыяй Мінтрансу былі зладжаны серыі праверак выканання нормаў ажыццяўлення транспартнай дзейнасці як непасрэдна на прадпрыемствах, так і на маршрутах перавозак. Падчас здзейсненых мерапрыемстваў на лініі было выпрабавана больш за 3,4 тыс. транспартных сродкаў і выяўлена 894 парушэнні.

Згодна з нормамі заканадаўства, па выніках праверак у сакавіку 2008 года да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнута 238 асобаў (з пачатку года 643 асобы). Сума штрафаў, прызначаных па справах аб адміністрацыйных правапарушэннях ў сакавіку 2008 года, склала Br28,8 млн (з пачатку года Br82,9 млн).

Адмыслоўцы таксама паведамілі, што з пачатку года быў выяўлены 81 факт ажыццяўлення транспартнай дзейнасці без ліцэнзіі, пра што скіраваны паведамленні ў падатковыя органы. Агульная сума штрафных санкцый за гэты від парушэнняў склала з пачатку года больш за Br3 млн.

Па звестках Мінтрансу, у Беларусі па стане на 1 красавіка ліцэнзіі на ажыццяўленне перавозак аўтамабільным транспартам мелі больш за 11,9 тыс. суб'ектаў гаспадарання. З іх большасць спецыялізуецца на выкананні рэспубліканскіх і міжнародных грузаперавозак аўтамабільным транспартам, на долю гарадскіх і прыгарадных пасажырскіх перавозак прыпадае 18,6% ад агульнай колькасці выдадзеных ліцэнзій. Перавозкі пасажыраў аўтамабілямі-таксі здзяйсняюць 17,6% перавозцаў.

Апошнія навіны