BE RU EN

Валянцін Стэфановіч: «Працэс быў адкрыта палітычным, а прысуд - незаконным»

  • 22.04.2008, 17:05

«Віна абвінавачаных ніяк не была даказаная на судзе. А тое, што ў аснову абвінавачвання ў якасці галоўнага доказу былі прыведзеныя відэаматэрыялы, і ўвогуле недапушчальна», - заявіў прэс-цэнтру Хартыі’97 вядомы праваабаронца Валянцін Стэфановіч, каментуючы прысуды, што сёння былі вынесеныя ўдзельнікам «Працэсу 14-ці».

Па словах юрыста, дадзеныя відэаматэрыялы не могуць з’яўляцца галоўным доказам на судзе. Аднак нават разгледжаныя на судзе відэаматэрыялы не пацвярджалі віну падсудных.

Стэфановіч ліча, што судовы працэс абвастрыў галоўную праблему – заканадаўства аб правядзенні масавых мерапрыемстваў. «У Беларусі грамадзяне не могуць правесці якую-небудзь акцыю там, дзе яна мае сэнс. Напрыклад, каля тых будынкаў, дзе, напрыклад, працуюць чыноўнікі, супраць дзеянняў якіх яны пратэстуюць. Але гэта несумяшчальна з міжнароднай практыкай, паводле якой абмежаванні пры правядзенні масавых мерапрыемстваў дзейнічаюць толькі ў выпадках, калі гэтыя мерапрыемствы нясуць пагрозу нацыянальнай бяспецы, грамадскаму парадку, жыццю і здароўю грамадзян», - тлумачыць праваабаронца.

На ягоную думку, «у выпадку з «Працэсам 14-ці» агулам нельга казаць аб якімсьці парушэнні грамадскага парадку. Гэта было неаспрэчнае права грамадзянаў выказаць сваё стаўленне да новых заканадаўчых актаў (указ №760 – заўв. Хартыі’97), прыняцце якіх пагоршыла іхняе становішча. Натуральна, што яны мелі поўнае права зрабіць гэта каля тых установаў, чыноўнікі якіх прымалі адпаведнае рашэнне. Таму я лічу працэс адкрыта палітычны, а прысуд – абсалютна незаконным», - падкрэсліў Валянцін Стэфановіч.

Нагадаем, сёння моладзевы актывіст Андрэй Кім асуджаны судом Цэнтральнага раёну Менску да 1,5 год калоніі. Іншыя ўдзельнікі «працэсу 14-ці» -- Аляксей Бондар, Арцём Дубскі, Міхаіл Крываў, Міхаіл Пашкевіч, Алесь Стральцоў, Алесь Чарнышоў, Таццяна Цішкевіч – асуджаныя да выпраўленчых работ па месцы працаўладкавання з адлічэннем дзяржаве20% заробку. Антона Койпіша і Ўладзіміра Сяргеева аштрафавалі на 100 базавых велічыняў. Прысуды выносіла суддзя Алена Ільіна.

Андрэй Кім прызнаны судом вінаватым не толькі ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі пратэсту, але таксама абвінавачаны ў нападзе на супрацоўніка ДАІ Юрыя Сычова. Аднак на судзе не была даказаная віна Кіма. На відэакадрах, якія прапанавалі КДБ, МУС і Беларускае тэлебачанне, бачна, што Сычова ўдарыў іншы супрацоўнік міліцыі.

Апошнія навіны