BE RU EN

Рэктар БДЭУ Шымаў вырашыў пакуль не выключаць актывістку «Маладога Фронта»

  • 23.04.2008, 9:22

Актывістку “Маладога Фронта” Маўлюду Атакулаву выклікалі 22 красавіка да рэктара БДЭУ Шымава. Паразмаўляўшы са студэнткаю «як з унучкаю», рэктар прыняў рашэньне яе не выключаць.

Саму Маўлюду перш за ўсё парадавала студэнцкая салідарнасьць — за кароткі тэрмін на яе карысьць былі сабраныя ля 150 подпісаў. За актыўную грамадзкую дзейнасьць студэнтцы 3 курсу факультэту Вышэйшай школы турызму пагражала адлічэньне, паведамляе сайт Generation.bY.

17 сакавіка адбылося паседжаньне адмысловай камісіі па прававым выхаваньні і прафіляктыцы правапарушэньняў, дзе, апроч іншых, прысутнічаў дэкан Мікалай Кабушкін і прарэктар Сяргей Шаўрук. Камісія прыняла рашэньне прасіць у рэктара адлічэньня Маўлюды.

22 красавіка са студэнткаю сустрэўся Ўладзімер Шымаў. Цягам амаль гадзіны ён абмяркоўваў з Маўлюдаю ейную дзейнасьць, зачытаў характарыстыку:

«Я была вельмі зьдзіўленая. Мне падавалася, што дэкан добра да мяне ставіцца. А ў характарыстыцы было шмат непрыемнага, напрыклад, што я «размаўляю цынічна», —кажа Маўлюда.

Таксама рэктар патлумачыў Маўлюдзе, чаму ён выключыў у 2005 студэнтку БДЭУ Тацяну Хому.

Хаць Атакулава будзе працягваць навучаньне на факультэце «Вышэйшая школа турызму», студэнты ўсё яшчэ зьбіраюць подпісы на ейную карысьць.

«Найперш я ўдзячная студэнтам, якія мяне падтрымалі. Спадзяюся, ніякага ціску з боку дэканатаў на іх ня будзе. А пакуль буду рыхтавацца да сэсіі, аднак ад актыўнай грамадзкай дзейнасьці я не адмаўляюся», - паведаміла дзяўчына.

Рэктар Уладзімер Шымаў вядомы гучным выключэньнем Тацяны Хомы ў 2005 — тады ні студэнцкая салідарнасьць, ні міжнародны розгалас не дапамаглі. Тацяна ўвайшла ў Раду найбуйнейшай студэнцкай арганізацыі Эўропы ESU — і празь некалькі дзён яе выключылі з БДЭУ.

Аднавіць права навучацца ў Эканамічным унівэрсытэце праз суд Тацяне не ўдалося, і яна была змушаная зьехаць у Аўстрыю. Даведаўшыся, што сёлета Шымаў у якасьці былога міністра эканомікі зьбіраецца наведаць Вену, тамтэйшыя студэнты падрыхтавалі акцыю пратэсту. Упершыню рэктар быў вымушаны публічна апраўдвацца, чаму была выключаная Тацяна Хома.

Апошнія навіны